Інспектар ДАІ пасля ДТЗ з байкерам: нічога не памятаю, у мяне паловы чэрапа няма
22 верасня Следчы камітэт апублікаваў відэа гучнай аварыі з удзелам байкера і інспектара ДАІ. 18 красавіка ў Мінску кіроўца матацыкла Suzuki Bandit выехаў на скрыжаванне праспекта Незалежнасці і вуліцы Казлова на чырвонае святло і быў збіты аўтамабілем інкастараў. У гэты час за руль матацыкла трымаўся інспектар ДАІ, які ў выніку сутыкнення быў моцна траўмаваны.
Доўгі час інспектар ДАІ Уладзімір Таўпінец знаходзіўся ў бальніцы ў цяжкім стане, ён перанёс трэпанацыю чэрапа. Еўрарадыё пашанцавала датэлефанавацца да інспектара напярэдадні чарговай аперацыі. Што ўсё ж такі здарылася на сакрыжаванні Казлова-Незалежнасці, Уладзімір Таўпінец не памятае. Па яго словах, пасля ДТЗ ён месяц ляжаў у непрытомнасці, а потым два месяцы ў яго была амнезія.
Уладзімір Таўпінец: Я вам нічога не магу сказаць, я нават следчаму нічога не сказаў, бо я нічога не памятаю.
Еўрарадыё: А як ваша здароўе цяпер?
Уладзімір Таўпінец: Заўтра кладуся ў бальніцу, будуць рабіць аперацыю на галаве. У мяне ж палова чэрапа знесеная.
Еўрарадыё: Што кажуць дактары, калі скончацца ўсе працэдуры?
Уладзімір Таўпінец: Ніхто нічога не кажа!
Еўрарадыё: Але стан у вас стабільны ўжо, так?
Уладзімір Таўпінец: Не сказаў бы. Галава ў мяне ўвесь час перабінтаваная, пастаянна робяць перавязкі.
Еўрарадыё: То бок гаворкі пра вяртанне на працу не вядзецца?
Уладзімір Таўпінец: Не ведаю я. Усё гэта будуць вырашаць дактары. Зробяць аперацыю па аднаўленні чэрапа… Мая частка чэрапа ляжыць у Бальніцы хуткай дапамогі, вось яе будуць ставіць неяк на месца. Вось я кладуся, а калі, колькі часу гэта зойме, я не ведаю.
На афіцыйным сайце Следчага камітэта з'явілася паведамленне, што справа нарэшце перададзеная ў суд. У паведамленні гаворыцца, што "кіроўца матацыкла меў магчымасць прыняць меры да тармажэння, своечасова спыніцца і не дапусціць дарожна-транспартнага здарэння, але не зрабіў гэтага".
Байкеру прад'яўленае абвінавачванне па ч. 1 арт. 363 (супраціўленне супрацоўніку міліцыі) і ч. 2 арт. 317 (парушэнне правілаў дарожнага руху асобай, якая кіравала транспартным сродкам, што пацягнула па неасцярожнасці прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Абвінавачаны знаходзіцца пад вартай.