Інспектар ДАІ, які ледзь не загінуў з-за матацыкла, не можа даваць паказанні
У пятніцу, 1 ліпеня, у цэнтры Мінска праводзіўся следчы эксперымент па адной з самых гучных аварый гэтага года. Праваахоўнікам давялося перакрыць некалькі палос на праспектах Незалежнасці і Машэрава.
ДТЗ здарылася на гэтым жа месцы ў сярэдзіне красавіка. Інспектар ДАІ паспрабаваў спыніць байкера. З-за не вядомых пакуль прычын матацыкл рвануў з месца. Разам з байкам на праспект вынесла і міліцыянера. Адбылося сутыкненне з інкасатарскай машынай…
Матацыкліст атрымаў адносна несур'ёзную траўму галавы. А вось за жыццё інспектара ДАІ медыкі змагаліся некалькі тыдняў. Сёння ён праходзіць рэабілітацыю. Прайшло два з паловай месяцы, але міліцыянер дагэтуль не можа нармальна рухацца і размаўляць. Ён не можа даваць паказанні.
Следчы эксперымент праводзіцца, каб устанавіць траекторыю руху матацыкла, месцазнаходжанне ўдзельнікаў ДТЗ адносна астраўка бяспекі. Правяралася і тое, ці мог інспектар ДАІ схапіцца за правую руку байкера такім чынам, што той ненаўмысна націснуў на газ.
І інспектара, і байкера падчас следчага эксперыменту замянілі статысты.
“Для аб’ектыўнасці следчага эксперымента ў якасці панятых прыцягнутыя прадстаўнікі байкерскай супольнасці. Яны могуць ацаніць сітуацыю з незалежнага пункту гледжання”, — кажа афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Беларусі Юлія Ганчарова.
Эксперымент праводзілі як поўную рэканструкцыю падзеяў. Яго зладзілі на падставе трох відэазапісаў з аўтамабільных рэгістратараў.
Самі статысты, якія бралі ўдзел у эксперыменце, і панятыя назвалі сябе “звычайнымі мінскімі байкерамі”.
Адразу пасля выпіскі з бальніцы абвінавачанага матацыкліста Сяргея Шаўцова змясцілі ў СІЗА. Яго дзеянні кваліфікавалі па частцы 2 артыкула 317 крымінальнага кодэксу (парушэнне ПДР, якое пацягнула па неасцярожнасці цяжкія цялесныя пашкоджанні). Раней Еўрарадыё пагутарыла з жонкай абвінавачанага. Яна перадала пазіцыю мужа:
“Сяргей пад'ехаў да скрыжавання і спыніўся на чырвонае. Інспектар падышоў, папрасіў паказаць дакументы. Муж пагадзіўся. Толькі сказаў, што спачатку адгоніць матацыкл да краю праезнай часткі. І тут міліцыянер альбо не пачуў гэтых словаў, альбо падумаў, што Сяргей збіраецца ўцякаць. Інспектар схапіўся за руль і націснуў на газ. Пасля гэтага матацыкл вынесла на скрыжаванне, дзе ў яго ўрэзаўся інкасатарскі аўтамабіль…”
Інспектар Уладзімір Таўпінец, як расказалі Еўрарадыё яго сябры, сам цікавіцца матацыкламі і таму нармальна ставіцца да байкераў. Яго называюць мірным і кампанейскім чалавекам. На думку сяброў інспектара, ён не мог беспадстаўна праявіць агрэсію ў дачыненні да абвінавачанага.