Інтэрфакс: Школьнікі Міншчыны дзяжураць каля вінна-гарэлачных аддзелаў
Міліцыя вырашыла заахвочваць падлеткаў, якія паведамляюць ў праваахоўныя органы аб продажы дзецям спіртнога і цыгарэт.
"Антыалкагольныя цімураўцы", у тым ліку навучэнцы старэйшых класаў, у выходныя дні дапамаглі супрацоўнікам інспекцый па справах непаўналетніх выявіць выпадкі, калі дзецям прадавалі алкагольныя напоі ды піва.
Разам з міліцыянтамі моладзь праверыла больш за 500 гандлёвых кропак, якія рэалізуюць спіртное, паведамляе interfax.by са спасылкай на начальніка інспекцыі па справах непаўналетніх УУС Мінаблвыканкама Андрэя Амбражэя. Выяўлена 29 фактаў продажу гарэлкі, віна і піва дзецям, у тым ліку і тым, хто не дасягнуў 16-гадовага ўзросту. Акрамя таго, у 20 крамах дзецям прадалі і цыгарэты.
Зазірнулі юныя памочнікі міліцыі і ў начныя забаўляльныя ўстановы Мінскай вобласці. У клубах выяўлена 7 непаўналетніх, дапушчаных адміністрацыяй на начныя мерапрыемствы.
Найбольш актыўных удзельнікаў падобных рэйдаў абласная міліцыя плануе заахвочваць. Міліцыя, аднак, не паведамляе, ці правакуюць "антыалкагольныя цімураўцы" прадаўцоў на антызаконныя дзеянні.
Фота — bessarabiainform.com