У Беларусі інтэрнэт-рэсурсы прыраўнялі да СМІ
Цяпер іх як і іншыя медыя змогуць закрыць за два папярэджанні. "За" прагаласавалі 103 дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.
Палата прадстаўнікоў прыняла адразу ў двух чытаннях папраўкі ў закон аб СМІ. "За" прагаласавалі 103 дэпутаты. З дакладам выступіла міністр інфармацыі Лілія Ананіч.
Цяпер інфармацыйныя сайты прыраўнялі да сродкаў масавай інфармацыі, і яны падпарадкоўваюцца закону аб СМІ, але без абавязковай рэгістрацыі.
Абвяржэнне інфармацыі ў інтэрнэце цяпер мусіць рабіцца на тым жа рэсурсе, дзе была апублікаваная непраўдзівая інфармацыя, не пазней чым праз адзін дзень пасля патрабавання абвяржэння. Пры гэтым матэрыял, які абвяргаюць, мусіць быць выдалены.
Мініфарм плануе ўводзіць абмежаванні на распаўсюд інтэрнэт-СМІ, калі за год вынесена два і больш пісьмовых папярэджанняў. Таксама абмежаванне ўводзіцца за распаўсюд інфармацыі, забароненай законам ці судом, невыкананне патрабаванняў аб выпраўленні парушэнняў закона аб СМІ.
Парадак абмежавання доступу будзе дадаткова распрацаваны рэгулятарам інтэрнэту разам з Мінсувязі.
Фота — tretiy.tv