Інваліда-вазочніка ў Мазыры аштрафавалі за пераход вуліцы ў неналежным месцы
Інваліда І групы Віталя Кавалёва з Мазыра аштрафавалі за пераход вуліцы ў неналежным месцы. Пры гэтым, як паведамляе тэлеканал "Мазыр", мужчына не выходзіць з дома і перамяшчаецца на інвалідным вазку.
На пачатку верасня мужчына недалічыўся ў сваёй пенсіі значнай сумы. Выявілася, што грошы адлічылі на пагашэнне штрафу ДАІ. Пра сваё так званае "парушэнне" мазырчук даведаўся толькі праз восем месяцаў.
Пратакол пра парушэнне быў складзены ўзімку. Ніякіх паведамленняў Кавалёў не атрымліваў, бо ў пратаколе ўказаны яго стары адрас, дзе ён не жыве ўжо больш за 10 гадоў. Правапарушэнне адбылося на вуліцы Фрунзе. Сам інвалід жыве на вуліцы Прамысловай. Самастойна ён не можа спусціцца нават у двор. Дапамогу ў побыце яму аказвае сацыяльны работнік.
Кавалёў напісаў зварот у Мазырскі РАУС, але міліцыянты прапанавалі яму абскардзіць пастанову праз суд.
Мазырскія даішнікі кажуць, што пратакол складалі калегі з Ельска. Ельскія міліцыянты не ўзгадалі правапарушальніка, але дакладна памятаюць, што гэта не быў ні інвалід-вазочнік, ні чалавек на мыліцах. Памылка магла ўзнікнуць, калі парушальніка высвятлялі не з дапамогай камп'ютарнай базы даных, а праз тэлефанаванне ў дзяжурную службу. Інакш кажучы, Віталём Кавалёвым мог назвацца іншы чалавек.
Юрыдычную дапамогу інваліду прапанавалі сацыяльныя службы. Але вярнуць грошы з бюджэту не вельмі проста. Кавалёву цяпер неабходна звяртацца ў пракуратуру для аднаўлення тэрмінаў абскарджання і адмены пастановы, якая ўжо набыла моц. Далей разбірацца з усімі нюансамі справы мусіць суд.