Іосуб: Крыніц, з якіх можна павысіць стыпендыі і пенсіі, няма
Фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра “Альпары” ў Мінску расказвае пра расійскі транш, павышэнне заробкаў і магчымую дэнамінацыю.
Еўрарадыё: Ці будуць расці заробкі беларусаў перад прэзідэнцкімі выбарамі ў 2015 годзе?
Вадзім Іосуб: Гадаць складана, але за апошнія два месяцы кіраўнік дзяржавы сказаў, што на будучых выбарах “мы не будзем купляць электарат”. Можна паспрачацца, што ён кажа пра гэта штораз перад выбарамі. Але цяпер гэта прагучала не ў такой форме. Лёгка нарасціць намінальныя даходы насельніцтва — дастаткова ўключыць друкавальны станок. Складаней нарасціць рэальныя даходы насельніцтва. Каб гэта зрабіць, трэба мець рэсурсы. У сітуацыі, калі гэтых рэсурсаў няма, прычым абмяркоўваецца, з якіх крыніц будзе пагашацца знешняя пазыка, то крыніц, з якіх можна павысіць стыпендыі-пенсіі, таксама няма. Калі будзе нейкі падарунак — тады гэта можна зрабіць.
Еўрарадыё: Цяпер Лукашэнка дамаўляецца з Пуціным на чарговы транш-крэдыт на 3 мільярды долараў. Калі гэты транш будзе, як гэта паўплывае на курс беларускага рубля?
Вадзім Іосуб: Размова ідзе аб суме, якая б закрыла выплаты па знешніх пазыках за гэты год. Звыш таго не вельмі многа і застанецца. Адказваючы ў агульным: калі будзе больш валюты прадавацца на ўнутраным рынку, гэта можа прывесці да ўзмацнення беларускага рубля. Калі ж мы іх пазычым і адразу ж аддамо за пазыку, гэта на курсе ніяк не адаб’ецца.
Еўрарадыё: Прадпрымальніцкія саюзы выступілі за дэнамінацыю. Ці можна гэта цяпер ажыццявіць?
Вадзім Іосуб: Можна зрабіць, але гэта бессэнсоўна. У сітуацыі, калі па самых сціплых ацэнках Нацбанк і ўрад прагназуюць інфляцыю ў 16-20%, калі ў нас непрадказальнасць на валютным рынку — сэнсу праводзіць дэнамінацыю няма. Неабходнасць дэнамінацыі сведчыць пра тое, што ў нас недзе нядаўна была гіперінфляцыя. Калі працэс інфляцыі ідзе, няма сэнсу рабіць дэнамінацыю. Бо праз некалькі гадоў можна зноў праводзіць дэнамінацыю. Рабіць дэнамінацыю ў інфляцыйным працэсе неразумна.
Еўрарадыё: Пасля снежаньскіх падзей сітуацыя на дэпазітным рынку стабілізавалася. Што Нацыянальны банк будзе рабіць з працэнтнай палітыкай?
Вадзім Іосуб: У мяне ёсць асцярогі, што на рынку працэнтных ставак працягнецца карціна, якая ў нас назіраецца з 2011 года. Гэта нейкія арэлі. Павышаецца попыт на валюту — адбываецца адток рублёвых укладаў, у адказ на гэта павышаюцца стаўкі. Сітуацыя нармалізуецца — павялічваецца прыток рублёвых дэпазітаў, зніжаецца попыт на валюту, і рэальны сектар скардзіцца на высокія працэнтныя стаўкі. Яны зніжаюцца — і зноў адток укладаў. Гэта ў нас з 2011 года адбываецца 3-4 разы. Разарваць гэты круг Нацбанк проста не можа без рэальнага глыбокага змянення структуры нашай эканомікі. Такая сітуацыя і яе паўтарэнне сведчыць пра неэфектыўнасць эканомікі.