Іосуб: Рашэнне Нацбанка знізіць стаўку рэфінансавання выглядае дзіўна

Іосуб: Рашэнне Нацбанка знізіць стаўку рэфінансавання выглядае дзіўна

Нацыянальны банк прыняў рашэнне знізіць памер стаўкі рэфінансавання з 24% да 22% з 1 траўня. Старшы аналітык "Альпары" Вадзім Іосуб гаворыць, што гэтае рашэнне выглядае даволі дзіўна.

"Яно выглядае дзіўна. Таму што ў гэтым пастанаўленні ўказваецца на цэлы шэраг станоўчых тэндэнцый. У прыватнасці, на зніжэнне інфляцыі і нармалізацыю сітуацыі на рынку ўкладаў. Аднак гэта выклікае пытанні", — сцвярджае эксперт.

Іосуб нагадвае, што адносна нізкая інфляцыя ў Беларусі сёлета пакуль зафіксаваная толькі ў сакавіку. А рост колькасці ўкладаў выкліканы хутчэй за ўсё тым, што пасля 1 красавіка прыбыткі з дэпазітаў пачалі абкладацца падаткам, таму большасць ахвотных зрабіць уклад рабілі гэта акурат да ўвядзення падатку.

Як паўплывае новы памер стаўкі рэфінансавання на наша жыццё? Эксперт кажа, што пасля 1 траўня варта чакаць зніжэння працэнтных ставак па дэпазітах, якія будуць зробленыя пасля 1 траўня. "Адміністрацыйным метадам банкі змусяць змяніць стаўкі па дэпазітах... Банкам будзе не выгадна прымаць новыя дэпазіты па стаўках, вышэйшых за 21,6%. Па сутнасці, вельмі верагодна, што з 1 траўня гэта будзе новая мяжа па дэпазітах", — мяркуе Вадзім Іосуб.

Акрамя гэтага, у пастанове Нацыянальнага банка прапісана, што з траўня памер працэнтнай стаўкі на крэдыты для юрыдычных асобаў не павінен перавышаць 27%.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі