“Існуе і нікуды не дзенецца”: як за мяжой ратуюць ліквідаваную “Мову Нанову”

“Існуе і нікуды не дзенецца”: як за мяжой ратуюць ліквідаваную “Мову Нанову”

У ліпені 2021 года ўлады ліквідавалі курсы “Мова Нанова”, дзякуючы якім каля сямі гадоў беларусы маглі бясплатна і ў цікавым сучасным фармаце вывучаць родную мову.  

З сітуацыяй не змаглі прымірыцца ні слухачы, ні выкладчыкі. Каб праект не загінуў, арганізатары, што цяпер жывуць за мяжой, пачалі ладзіць афлайн- і анлайн-заняткі. Пра сваю сітуацыю, а таксама пра тое, як актывісты выратоўваюць курсы ў Варшаве, расказвае настаўніца і адна з арганізатарак “Мова Нанова” Алеся Каролік.  

“Існуе і нікуды не дзенецца”: як за мяжой ратуюць ліквідаваную “Мову Нанову”
Адна з арганізатарак “Мова Нанова” Алеся Каролік / архіў

Еўрарадыё: Курсы “Мова Нанова” былі ліквідаваныя ўлетку. Ці адчуваеце вы ціск з боку беларускіх уладаў цяпер?

Алеся Каролік: Так, безумоўна, ціск ёсць. Нядаўна быў затрыманы наш калега — гісторык Андрэй Колас. У Ваўкавыску праходзілі чарговыя заняткі, туды прыехалі сілавікі, і ўсіх, хто быў, павезлі ў РАУС, не тлумачачы прычыны. Дарэчы, гэтая тэма адгукнулася ў кароткаметражным фільме MoVa, які мы знялі ў Варшаве. Прэм’ера адбылася днямі ў бары Beer Station, які адкрылі тут беларусы. 

Пасля 10 сутак зняволення Андрэй Колас пераехаў у Варшаву і будзе нам дапамагаць, так што наперадзе шмат цікавага. У Беларусі праводзіць курсы немагчыма, хіба што падпольна. 

“Існуе і нікуды не дзенецца”: як за мяжой ратуюць ліквідаваную “Мову Нанову”
На занятках / архіў

Еўрарадыё: Як праходзяць заняткі ў Варшаве і ці карыстаюцца яны папулярнасцю?

Алеся Каролік: На першай сустрэчы мы проста знаёміліся. Да нас прыйшло больш за 30 чалавек — не хапала месца, сядзелі нават на падлозе. Было даволі нефармальна, гулялі ў гульню “Разам”. Пасля быў інтэрактыўчык: мы ўзялі дыялектныя словы з розных рэгіёнаў Беларусі, і трэба было знайсці cучасныя адпаведнікі, якія збольшага ведаюць усе беларусы. Пасля адбыўся святочны выступ музыкі Алеся Дзянісава.

На наступную сустрэчу, гэта былі ўжо заняткі, людзей прыйшло трошкі менш — самыя заматываваныя, і мы пачалі вучыцца. Разам з нашай госцяй, гішпанскай паэткай, даследчыцай-славісткай Анхелай Эспіносай разбіралі тэорыю і граматыку. 

“Існуе і нікуды не дзенецца”: як за мяжой ратуюць ліквідаваную “Мову Нанову”
Афіша курсаў / фэйсбук

На жаль, не ўсе беларусы валодаюць мовай добра і якасна. Мы гэта разумеем, таму  вырашылі адразу вывучыць звычайныя словы, якімі карыстаемся ў штодзённым жыцці. Пачалі з тэмы “Абсталяванне ў кватэры”. Нашым госцем быў Зміцер Вайцюшкевіч, атрымалася проста шыкоўна.

Ну а папярэднія заняткі былі прысвечаны беларускім літаратарам, якіх расстралялі ў 1937 годзе. Нашай анлайн-госцяй стала Ганна Севярынец. Каб атрымалася добрая трансляцыя, мы выкарыстоўвалі некалькі гаджэтаў. 

Людзі задаволены, і іх хапае. Хтосьці ведае добра мову і далучаецца да курсаў у пошуку новых знаёмстваў і стасункаў, усе разам мы адкрываем для сябе хараство і мілагучнасць беларускай мовы.    

“Існуе і нікуды не дзенецца”: як за мяжой ратуюць ліквідаваную “Мову Нанову”
"Не можам дараваць, не можам забыць" / t.me/MovaNanovaVava

Еўрарадыё: Ці ёсць сярод вашых слухачоў дзеці?

Алеся Каролік: Для дзетак у Варшаве ў нас ёсць асобны курс. Ініцыятыва сыходзіла найперш ад бацькоў — тых беларусаў, якія не хочуць, каб дзеці забывалі родную мову, знаходзячыся тут. Бадай што кожны з бацькоў прапаноўваў свае тэмы ці метадалогію.

Пасля ўжо з прафесійнымі выкладчыкамі мы сістэматызавалі іх запыт і распрацавалі праграму.

Фармат стараемся рабіць максімальна зручным і прывабным для дзяцей — шмат гульняў, творчасці, спеваў. 

Сталага памяшкання пакуль яшчэ не знайшлі. Мы шукаем варыянты, якія былі б максімальна зручныя для ўдзельнікаў.

У гэты чацвер збіраемся на Каперніка, 30, кабінет №501 і, канешне, запрашаем усіх ахвочых. 

Еўрарадыё: Ёсць адчуванне, што эміграцыя ўплывае на жаданне беларусаў гаварыць па-беларуску?

Алеся Каролік: Так, шмат з тых, хто пераехаў, раптам пачынае не толькі размаўляць па-беларуску, але і весці на роднай мове свае сацсеткі. Каб натхненне, якое ўзнікла ў 2020 годзе, нікуды не знікла, трэба карыстацца момантам і даваць усім магчымасць вывучаць мову. 

“Існуе і нікуды не дзенецца”: як за мяжой ратуюць ліквідаваную “Мову Нанову”
Вядучыя курсаў / архіў

Еўрарадыё: Ці патрэбна вам нейкая дапамога?

Алеся Каролік: Мы радыя ініцыятыве. Нас не заўсёды хапае на ўсё, асабліва калі справа тычыцца анлайн-заняткаў. Нам мог бы быць карысны адміністратар, які добра разбіраецца ў такой працы. Калі нехта хоча далучыцца, будзем вельмі ўдзячны, але адразу скажу: усё робіцца на валанцёрскіх умовах. 

У астатнім — у нас ёсць добрыя сувязі, каб запрашаць вядомых гасцей, але калі нехта нас пачуе і захоча далучыцца асабіста, таксама адкрытыя. 

Раптам мы кагосьці не ведаем: цікавыя гісторыкі, можа, нават людзі, якія працуюць на заводзе, але заўсёды размаўляюць па-беларуску і могуць распавесці нешта цікавае — калі ласка, прыходзьце. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі