Італія просіць Еўрасаюз дазволіць "Белавія" некалькі чартараў
Італія звярнулася ў ЕС з просьбай дазволіць кампаніі "Белавія" зрабіць некалькі чартарных рэйсаў, каб вывезці на аздараўленне беларускіх дзяцей. Пра гэта расказаў амбасадар Італіі ў Беларусі Марыё Джорджа Стэфана Бальдзі, паведамляе Рэспубліканскі саюз турарганізацый.
Аздараўленчыя паездкі беларускіх дзяцей перапыніліся ў 2020 годзе, калі пачалася пандэмія кавіду. У 2021-м Еўрасаюз закрыў сваё небы для Беларусі пасля прымусовай пасадкі ў Мінску самалёта Ryanair, які ляцеў з Афінаў у Вільню. З борта самалёта былі знятыя апазіцыянеры Раман Пратасевіч і Сафія Сапега.
Італія хоча аднавіць аздараўленчыя паездкі. Пададзеная заяўка на дазвол шасці гуманітарных чартараў "Белавіі" — у Рым, Мілан і Бары.
Дарэчы, у "дакавідным", 2019 годзе італьянская амбасада ў Беларусі выдала каля 24 тысяч віз, з іх 7 тысяч — дзецям для паездак на аздараўленне.
Цяпер амбасада Італіі выдае беларусам каля 4 тысяч шэнгенскіх віз штомесяц.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.