Італьянская мафія сёння: інвестыцыі ў "зялёную" энергію і інтэрнэт

Улады Рыма занепакоіліся тым, што 70% бараў і рэстаранаў у цэнтры належаць мафіі. А яшчэ раней даклад сельскагаспадарчага лобі Coldiretti і даследчай фірмы Eurispes выявіў, што італьянскія бандыты, вядомыя за свае справы ў наркабізнесе і прастытуцыі, узяліся і за сельскую гаспадарку.

“Сельская гаспадарка і харчовы бізнес сталі ўлюбёным месцам для арганізаваных злачынных інвестыцый, бо гэта лічыцца больш бяспечным у перыяд фінансавай нестабільнасці”, — гаворыцца ў дакладзе.

Нестабільная фінансавая сітуацыя, дарэчы, спрыяе развіццю мафіі: да яе прыходзіцца звяртацца па крэдыты прадпрыемствам, якім больш няма дзе знайсці грошы. У выніку мафіёзі часта забіраюць чужы бізнес сабе — калі кампаніі не могуць пагасіць неапраўдана высокія працэнты.

А ў дакладзе, які зрабіла праваахоўнае агенцтва Еўрасаюза Europol, сцвярджаецца, што пагроза, якую нясуць італьянскія арганізаваныя злачынныя групоўкі, — большая, чым ад любых іншых груповак у Еўропе. А таксама канстатуецца павелічэнне “брудных” італьянскіх грошай у чыстай энергіі:

“Італьянская мафія ўсё больш укладвае ў галіну ўзнаўляльных крыніц энергіі, асабліва ў ветравыя электрастанцыі, намагаючыся атрымаць прыбытак ад шчодрых еўрапейскіх грантаў, якія выплачваюцца дзяржавам-сябрам ЕС. Гэта дазваляе ім сумяшчаць “брудныя” грошы з легальнай эканамічнай дзейнасцю”.

Увогуле галівудскі, крыху рамантычны вобраз італьянскага бандыта са зброяй у руках адыходзіць у мінулае. Што пацвярджае яшчэ адзін трэнд дзейнасці італьянскай мафіі, раскрыты ў справаздачы Europol, — інтэрнэт-актыўнасць:

“На працягу многіх гадоў рэкет у азартных гульнях ператварыўся ў інтэрнэт-махлярства на міжнародных сайтах, якія знаходзяцца па-за межамі нацыянальнага рэгулявання. Вулічная прастытуцыя перайшла ў анлайн, а крадзяжы маёмасці ператварыліся ў крадзяжы інтэлектуальнай уласнасці”, — піша Аль-Джазіра.

Варта сказаць, што інтэрнэт актыўна выкарыстоўваюць і тыя, хто ўжо стаміўся ад мафіі. Нядаўна ў Італіі запусцілі сайт Mafialeaks. Стваральнікі праекта, якія не называюць сваіх імёнаў з меркаванняў бяспекі, прапануюць ананімна дзяліцца інфармацыяй аб дзейнасці мафіі. У першую чаргу — прадпрымальнікам і ўладальнікам крамаў, на якіх “наехалі” мафіёзі, а таксама самім былым бандытам. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі