Кіберзлачынца, арыштаваны ў выніку міжнароднай аперацыі, аказаўся беларусам

Затрыманне Максіма Сільнікава

Затрыманне Максіма Сільнікава / x.com/NCA_UK

У выніку міжнароднай аперацыі Вялікабрытанія арыштавала аднаго з самых вядомых рускамоўных кіберзлачынцаў у свеце. Аказалася, што гэта 38-гадовы беларус Максім Сільнікаў. Пра яго арышт паведамляе Нацыянальнае агенцтва па барацьбе са злачыннасцю Вялікабрытаніі (NCA).

Сільнікава і яго саўдзельнікаў называюць "элітнымі кіберзлачынцамі". Яны прымалі экстрэмальныя меры перасцярогі, каб іх не знайшлі заходнія спецслужбы. Сам Сільнікаў дзейнічаў пад псеўданімамі "J.P. Morgan", "xxx" і "lansky".

Брытанскія спецслужбы шукалі Сільнікава з 2015 года. Паралельна расследаванні таксама вялі Сакрэтная служба ЗША (USSS) і ФБР.

Паведамляецца, што арыштавалі Сільнікава яшчэ ў ліпені 2023 года ў іспанскім горадзе Эстэпона і адправілі ў Польшчу. Адтуль 9 жніўня 2024 года яго экстрадавалі ў ЗША для выстаўлення афіцыйных абвінавачванняў.

Паводле інфармацыі BELPOL, піша "Наша Ніва", Сільнікаў меў таксама грамадзянства Украіны. Ён у разводзе, мае двух дзяцей. Вучыўся ў гімназіі №5 Мінска, а пасля ў БНТУ. Потым працаваў у кампаніі "ТэхнаТрансВарыянт".

Спачатку Сільнікава абвясцілі ў вышук за ўхіленне ад прызыву. Беларусь ён пакінуў у 2013 годзе.

Брытанскія службы паведамляюць, што злачынную дзейнасць Сільнікаў пачаў мінімум у 2011-м. Ён з калегамі стварыў злачынны картэль Reveton, які рассылаў інтэрнэт-карыстальнікам лісты з віруснай праграмай ад імя праваахоўных органаў. Праграма Reveton магла таксама сфатаграфаваць карыстальніка праз вэб-камеру, каб суправадзіць апавяшчэнне патрабаваннем аплаты. Толькі ў ЗША з 2012 па 2014 год махляры вымагалі з дапамогай праграмы штомесяц каля 400 тысяч долараў. Агулам па ўсім свеце Сільнікаў з паплечнікамі скралі дзясяткі мільёнаў долараў.

Акрамя Сільнікава ў кіберзлачынствах у ЗША вінавацяць таксама 38-гадовага Уладзіміра Кадарыю з Беларусі і 33-гадовага Андрэя Тарасава з Расіі.

Кадарыю затрымалі ў Казахстане ў 2022 годзе і ў сакавіку 2023-га экстрадавалі ў Беларусь. Яго абаронцы ў Казахстане спрабавалі выдаць яго за беларускага апазіцыянера.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі