Італьянская сям'я ўсынавіла 32-гадовага беларуса
Суд італьянскага горада Трэнта (Trentino) дазволіў сям'і з аўтаномнай вобласці Трэнціна-Альта-Адыджэ ўсынавіць 32-гадовага беларуса, піша tut.by са спасылкай на італьянскія СМІ.
Паведамляецца, што наш суайчыннік трапіў у Італію ўпершыню ў 11 гадоў па чарнобыльскай праграме. Хлопчык прыехаў у сям'ю на аздараўленне праз дабрачынную арганізацыю "Дапаможам ім жыць". Пасля таго ён кожнае лета бываў у гасцях у італьянскай пары. І нават калі беларус стаў паўналетнім, яго сувязь з гэтай сям'ёй не перапынілася. Цяпер мужчыну 32 гады, і ў яго ўжо ёсць свае дзеці.
Беларус займаецца міжнароднымі перавозкамі, па працы ён неаднойчы наведваў італьянскую сям'ю. Італьянцы таксама прыязджалі да яго ў Беларусь. І цяпер італьянцы вырашылі ўзаконіць гэтую сувязь.
У грамадзянскім кодэксе Італіі згадваюцца два выпадкі, калі можна ўсынаўляць дарослага чалавека. Першы — каб перадаць яму спадчыну і прозвішча. Другі — каб забяспечыць падтрымку гэтаму паўналетняму чалавеку. Пры гэтым такое дзіця атрымлівае тыя ж правы, што і родны сын або дачка, і становіцца спадкаемцам. Адзіная ўмова: бацькі, муж і дзеці ўсынавіцеля павінны даць згоду на такія дзеянні.
Суд горада Трэнта палічыў, што ўсе патрабаванні законы выкананыя, і прызнаў усынаўленне.