Іван Шыла: Адлічаць школьнікаў стане прасцей
Упершыню ў сферы адукацыі Беларусі заканадаўча прапісана пытанне аб дысцыплінарнай адказнасці навучэнцаў.
Пра гэта паведаміў міністр адукацыі Сяргей Маскевіч у час online канферэнцыі на сайце Беларускага тэлеграфнага агенцтва.
Так, згодна з Кодэксам аб адукацыі, адлічыць навучэнца, нават са школы, можна будзе ўжо з 16 гадоў. Падставай для гэтага могуць стаць непаспяховасць па трох і больш навучальных прадметах, неліквідаваная акадэмічная запазычанасць, адсутнасць на занятках больш за 30 дзён у годзе, а на курсах падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі - больш як тры дні без уважлівай прычыны, сістэматычнае невыкананне абавязкаў вучнямі. Аднавіцца можна будзе толькі на працягу трох гадоў (у магістратуру - двух) і не раней як праз дзесяць месяцаў пасля адлічэння. Аднаўленне не дапускаецца на першы курс, калі чалавек не прайшоў атэстацыю за першы семестр, а таксама ў магістратуру і аспірантуру, калі не выкананы індывідуальны план на год.
Еўрарадыё звярнулася па каментар з гэтай нагоды да Івана Шылы. Апазіцыйнага актывіста выключылі ў 2009 годзе з салігорскай сярэдняй школы №4 за адзін дзень да апошняга іспыту. Праз паўгода хлопца забралі ў войска. Ён служыў у войсках супрацьпаветранай абароны ў Межыцы, пад Лепелем. Іван адразу па прызыве пачаў дамагацца, каб яму дазволілі здаць экзамен. Доўгі час кіраўніцтва часткі не ішло яму насустрач. Давялося звярнуцца асабіста да міністра Мальцава, які даў дабро.
Еўрарадыё: На вашу думку, як такія новаўвядзенні ў Кодэкс аб адукацыі адаб’юцца на актывістах дэмсіл, якія будуць пры гэтым яшчэ не студэнтамі, а навучэнцамі школ?
Шыла: Адлічаць са школ і раней можна было. Адзінае, што, я так разумею, спрашчаецца працэдура. Бо раней гэта сапраўды было цяжка зрабіць. У нашай краіне, калі ўводзяцца такія папраўкі, любыя папраўкі, якія могуць пасля быць выкарыстаныя супраць палітычных, грамадскіх актывістаў, то гэта выклікае насцярогу і азначае пэўную небяспеку. У любым разе, трэба казаць пра рэзананс ад выключэння школьнікаў, бо выключэнне студэнтаў за ўдзел у акцыях, калі яны ўжо дарослыя людзі, то гэта крыху іншая справа, чым выключыць напрыклад школьніка, якому 16 гадоў. Калі мяне выключылі са школы, то была такая абураючая рэакцыя і як бачыце, прайшло тры гады і, у прынцыпе, школьнікі з таго часу праблем не мелі. Таму, думаю, не варта казаць, што школьнікаў пачнуць масава выключаць, але калі з’явяцца надта актыўныя школьнікі, то сама працэдура будзе значна прасцейшая. Калі выключалі мяне, то яны парушылі нормы, бо працэдура была складаная, зараз яна спросціцца.
Еўрарадыё: У вашым выпадку неаднаразова збіраўся педсавет, каб вас выключыць. Наколькі я памятаю, ў асноўным, за ваша выключэнне прагаласавалі маладыя педагогі, якія толькі пачыналі працаваць. Пасля таго, як вас выключылі, ужо прайшло тры гады, нехта з настаўнікаў падыходзіў да вас, прасіў прабачэння?
Шыла: Прасілі прабачэння. Я з вельмі вялікай колькасцю настаўнікаў размаўляў, сутыкаўся. Тыя настаўнікі, якія ў мяне выкладалі, яны і тады ставіліся з разуменнем, што так не трэба было рабіць, што выключэнне – гэта не было выйсце.
Еўрарадыё: Як вашае асабістае жыццё склалася з навучаннем?
Шыла: Склалася. Школу я скончыў у Лепелі падчас службы ў войску. Зараз навучаюся ў Польшчы па праграме Каліноўскага. Гэта бясплатная праграма. Я паступіў без іспытаў. Атрымоўваю вельмі высокую стыпендыю, асабліва па цяперашніх мерках у доларавым эквіваленце, дык яна ледзь не роўна заробкам маіх бацькоў. Усё добра.