Каб паступіць на інфарматыку ў БДУІР, трэба 370 балаў з 400
А ў Магілёве на "фізіку-інфарматыку" на 20 месцаў прыйшлі 2 чалавекі.
Аналізуем першыя вынікі ўступнай кампаніі. Універсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі публікуе прахадныя балы адным з першых. Самы высокі — на "інфарматыцы і тэхналогіі праграмавання". Трэба набраць 370 балаў з 400 магчымых, каб трапіць на бюджэт. Гэта значыць, здаць усе тэсты больш чым на 90 балаў.
Самы нізкі бал ва ўніверсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі — на "радыёінфарматыцы": усяго 164, гэта па 41 на ўсіх тэстах разам з атэстатам.
БДУ пакуль не публікуе прахадныя балы, але можна дакладна сказаць, што самы высокі будзе на міжнародных адносінах. На "міжнародным праве" 19 чалавек ужо маюць больш за 380 балаў. А бюджэтных месцаў толькі 24. Так што тут прахадны можа зашкаліць за 375 балаў.
Не адстае і факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі: на 276 месцаў прэтэндуе 312 абітурыентаў. Палова мае больш за 350 балаў.
"У цэлым конкурс будзе вышэйшы, чым летась. Шмат пераможцаў алімпіяд, на педагагічныя спецыяльнасці 23 чалавекі ідуць без экзаменаў. А 47% маюць больш за 300 балаў. Так што прахадныя вырастуць усюды", — прагназуюць у прыёмнай камісіі БДУ.
Педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка самыя высокія балы мае на гістарычным факультэце і факультэце спецыяльнай адукацыі. Некалькі чалавек тут набралі 320 балаў і больш. А недабор у педагагічным на фізіка-матэматычным факультэце. На 120 месцаў толькі 106 абітурыентаў. І большасць абітурыентаў тут маюць менш за 160 балаў.
Фізікаў-інфарматыкаў і філолагаў недабірае Магілёўскі ўніверсітэт імя Куляшова, але балы невысокія.
"На фізіку-інфарматыку недабралі 18 чалавек на 20 месцаў. На беларускую мову і літаратуру недабралі дваіх, на 10 месцаў 8 чалавек", — перажываюць у прыёмнай камісіі.
Сюды падаюцца абітурыенты, якія маюць нават менш за 100 балаў. Але ёсць і тыя, у каго больш за 300.
На факультэт міліцыі ў Акадэмію МУС паступаюць з 130 баламі і вышэй. На 14 месцаў 26 чалавек. На "правазнаўстве" ў Акадэміі два абітурыенты набіраюць менш за 130 балаў з 400 магчымых. Зараз ва ўніверсітэтах пачаліся ўнутраныя экзамены, а залічэнне будзе ісці да 29 ліпеня.
Фота: Еўрарадыё