Каб трапіць у Польшчу, прадстаўнік расійскіх уладаў Крыма змяніў прозвішча
Каб трапіць у Польшчу, прадстаўнік расійскіх уладаў Крыма Дзмітрый Палонскі змяніў прозвішча. Польскія службы пашпартнага кантроля памылкова яго прапусцілі на сваю тэрыторыю, інфармуе УНІАН.
Палонскі, віцэ-прэм'ер так званага ўраду Крыма, знаходзіцца ў "чорным спісе" ЕС. Таму польскія памежнікі павінны былі яго затрымаць. Аднак высветлілася, што ў Дзмітрыя Палонскага ў пашпарце было іншае прозвішча, не такое, як у санкцыйным спісе. "Таму памежная ахова не зарыентавалася", — сказаў міністр замежных спраў Польшчы Гжэгаж Схеціна. Ён паабяцаў, што такіх выпадкаў у будучыні не будзе.
У Польшчы чыноўнік з Крыма выступіў на нарадзе АБСЕ, зачытаў там даклад пра жыццё паўвострава пад расійскай уладай. Ён крытыкаваў справаздачу місіі АБСЕ па ацэнцы сітуацыі з правамі чалавека ў Крыме. Назваў яе зборнікам "абсалютнай хлусні, сфабрыкаваных фактаў, недаказаных абвінавачванняў".
Фота: ria.ru, piswesola.pl