Каб вучыцца ў ВНУ ў Расіі, гісторыю здаюць на 32 балы са 100, у Беларусі — на 20

Каб вучыцца ў ВНУ ў Расіі, гісторыю здаюць на 32 балы са 100, у Беларусі — на 20

У Беларусі, Украіне і Расіі сістэма паступлення падобная. Ва ўсіх трох краінах трэба здаваць адзіны дзяржаўны экзамен па некалькіх прадметах, як наша цэнтралізаванае тэставанне. Але адрозненні ёсць.

Мінімальныя балы

Напрыклад, у Расіі неабходны для паступлення бал вышэйшы, чым у нас. Па гісторыі трэба набраць мінімум 32 балы. У Беларусі, нават калі вы паступаеце на гістарычны, дастаткова 20 са 100. Матэматыку ў Расіі трэба здаць на 27 балаў, калі гэта профільны прадмет, фізіку — на 36. Прыкладна на столькі ў нас гэтыя прадметы здаюць у сярэднім па краіне!

Многія беларускія абітурыенты здаюць расійскае ЕГЭ і... паступаюць, нягледзячы на высокія парогі.
Ва Украіне парогавыя балы таксама крыху вышэйшыя за нашы: 25 балаў з 94 магчымых трэба набраць па гісторыі Украіны. Фізіку трэба здаць на 8 з 54, матэматыку — на 9 з 62.

Прахадныя балы

400 балаў — максімальны вынік, які можна набраць для паступлення ў Беларусі. Гэта тры тэсты максімум па 100 балаў і атэстат, таксама максімум 100. У нашых суседзяў усё нашмат складаней. Чаго толькі каштуе формула вылічэння свайго бала ва Украіне, дзе трэба самому яго вылічыць з дапамогай каэфіцыентаў. Трэба крыху ведаць матэматыку, каб паступіць.

Не будзем удавацца ў падрабязнасці гэтых сістэм, але прахадны бал у Маскве на настаўніка гісторыі вышэйшы, чым у нас, калі браць мінулы год.

Паступленне

І ў Расіі і Украіне дакументы можна падаваць праз камп'ютар, з дому. Прычым адразу у некалькі ўніверсітэтаў і на некалькі спецыяльнасцяў. А пасля сістэма вылічвае, куды праходзіць абітурыент. У нас адразу на некалькі спецыяльнасцяў можна падавацца толькі ў БДУІР. Астатнія ўніверсітэты прымаюць дакументы толькі на адну спецыяльнасць і толькі ўжывую.

Кошт навучання

У Беларускім педагагічным універсітэце імя Максіма Танка год навучання абыходзіцца першакурсніку гістфака ў 860 долараў. Навучанне на аналагічнай спецыяльнасці ў Кіеве для ўкраінцаў каштуе на 200 долараў менш. У Маскве вучыцца на гісторыка даражэй за ўсё, больш за 2 тысячы долараў на год.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі