Качанава — пра 100-годдзе БНР: Мы таксама падключаемся да гэтых пытанняў
Калі грамадства хоча адзначаць 100-годдзе Беларускай Народнай Рэспублікі, то ўлады будуць разам з грамадствам. Так кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава адказала на пытанне журналіста "Нашай нівы".
Разам з тым яна падкрэсліла, што такое святкаванне не павінна адбывацца ў форме мітынгаў.
"Такія ідэі гучаць, мы таксама падключаемся да гэтых пытанняў. Але ўсё павінна быць цывілізавана: калі людзей заклікаюць выходзіць на нейкія мітынгі, гэта няправільна. А калі гэтае святкаванне неабходна грамадству, то, значыць, будзем разам, сумеснымі дзеяннямі і планамі рэалізоўваць ўсё гэта. Як вызначацца людзі, якім гэта неабходна, так і будзе", — цытуе выданне словы чыноўніцы.
Як паведамлялася раней, да 100-годдзя БНР рыхтуецца і Белтэлерадыёкампанія. Яе старшыня Генадзь Давыдзька заявіў, што плануецца зрабіць "максімальна шчырае гістарычнае даследаванне".