Качанава — супраць збору подпісаў за адмену "дэкрэта аб дармаедах" і маршаў
Кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава праводзіць у Жодзіне прыём па пытаннях дэкрэта №3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства". Як паведамлялася раней, 16-17 лютага чыноўнікі Адміністрацыі прэзідэнта праводзяць прыём грамадзян з гэтай нагоды.
Журналіст Еўрарадыё Зміцер Лукашук з месца падзеяў паведаміў, што на прыём да кіраўніцы Адміністрацыі запісаліся 20 чалавек і яшчэ 20 прыйшлі без папярэдняга запісу — па так званай "жывой чарзе".
Перад пачаткам прыёму чыноўніца выйшла да журналістаў. На пытанне Еўрарадыё, пры якіх умовах могуць адмяніць "дэкрэт аб дармаедах", Качанава паведаміла, што яны манітораць сітуацыю, але пакуль пытанне пра яго адмену не стаіць.
Таксама кіраўніца Адміністрацыі выказалася супраць збору подпісаў за адмену дэкрэта і супраць разнастайных вулічных маршаў.
Качанавай нагадалі, што дарожны збор і іншыя падобныя аплаты з'яўляюцца фінасаваннем дзяржаўных выдаткаў. На гэта яна заявіла, што тады і куплю прадуктаў у краме нехта захоча залічваць у аплату дзяржаўных выдаткаў.