Калега Шарамета з "Украінскай праўды": Павел мог загінуць выпадкова
Раніцай 20 ліпеня ў Кіеве быў забіты беларускі і ўкраінскі журналіст, кіраўнік "Беларускага партызана" Павел Шарамет. Аўтамабіль, у якім ён ехаў, быў узарваны на скрыжаванні. Апошнія пяць гадоў Шарамет стала жыў у Кіеве і быў адным з кіраўнікоў "Украінскай праўды". Еўрарадыё звязалася з супрацоўніцай выдання Аксанай Каваленка.
Еўрарадыё: Аксана, вы працавалі разам з Паўлам. Магчыма, ён расказваў пра пагрозы ў свой адрас?
Аксана Каваленка: Вось вы зараз пытаецеся, я спрабую ўспомніць. Мне падаецца, што пагроз не было. Можа, нас, супрацоўнікаў, аберагалі і нечага не расказвалі. Такое магчыма. Але звычайна, калі ёсць пагрозы, якія могуць нашкодзіць усім, нас заўсёды папярэджваюць. У апошні час нічога такога не было.
Еўрарадыё: Магчыма, у вас ёсць здагадкі, хто мог здзейсніць замах на Паўла, каму яно магло быць патрэбна?
Аксана Каваленка: Я не ўяўляю, каму гэта магло быць патрэбна. Каму выгадна. "Украінскую праўду" не любяць, шмат хто пагражае. Але хто б мог да такога дайсці... Я не магу нават уявіць.
У Кіеве забіты Павел Шарамет. Што вядома на дадзены момант
Паводле папярэдняй інфармацыі праваахоўнікаў, у машыне спрацавала выбуховае прыстасаванне. У 7.40 Шарамет ад’ехаў ад дома па вуліцы Франка, 12 і даехаў да скрыжавання. У той момант пад сядзеннем кіроўцы спрацавала выбуховае прыстасаванне: пачуўся хлапок і машына загарэлася.
Еўрарадыё: Супрацоўнікам "Украінскай праўды" часта пагражаюць, такое здараецца?
Аксана Каваленка: Бывае, што нехта на эмоцыях можа нешта сказаць, нейкую гадасць. Ці напісаць. Але каб трэба было звяртацца ў паліцыю — такога не было.
Еўрарадыё: Магчыма, вы ведаеце, над чым Павел працаваў апошнім часам. Ці маглі яго публікацыі закрануць нечыя інтарэсы?
Аксана Каваленка: Цяжка сказаць... Увогуле яго апошні тэкст — публікацыя на "Беларускім партызане" пра ўкраінскую мову. Цудоўны тэкст. Я чытала, была вельмі ўдзячная Паўлу за яго. Ведаеце, я нават не магу сабе ўявіць, хто б гэта мог быць, каму гэта было патрэбна. Калі ён і рыхтаваў нешта, нейкі матэрыял, ён не абмяркоўваў гэтага.
Еўрарадыё: Наколькі я разумею, аўтамабіль, у якім загінуў Павел, не быў яго асабістым. Павел часта карыстаўся гэтай машынай?
Аксана Каваленка: Гэта быў асабісты аўтамабіль кіраўніка "Украінскай праўды" Алёны Прытулы. Яны абодва ім карысталіся пастаянна.
Еўрарадыё: Ці можа быць так, што замах задумваўся супраць Алёны Прытулы?
Аксана Каваленка: Можа. Яны абодва карысталіся машынай, карысталіся ў розны час. Я не ведаю, супраць каго гэта было зроблена.