Калегія адвакатаў распачала вытворчасць у дачыненні адваката Бабарыкі
Мінская гарадская калегія адвакатаў распачала вытворчасць у дачыненні адваката палітвязня Віктара Бабарыкі Дзмітрыя Лаеўскага. Пра гэта ён паведаміў у Telegram. Рашэнне было прынятае ўвечары 2 ліпеня.
"У судовых спрэчках у абарону Віктара Бабарыкі я абгрунтаваў адсутнасць прыкмет злачынства ("атрыманне хабару") у дзеяннях іншых абвінавачаных, выказаў нязгоду з іх пазіцыяй і заявіў аб неабходнасці іх апраўдання, — піша Лаеўскі. — Пра гэта ж казаў у сваіх паказаннях мой падабаронны, чыю пазіцыю я як абаронца падтрымліваў і адстойваў. Рабіў гэта сумленна і прынцыпова".
Дзмітрый Лаеўскі не бачыць ніякіх парушэнняў у сваёй дзейнасці. Ён нагадвае, што аспрэчваць пазіцыю іншых удзельнікаў працэсу ні закон, ні правілы прафесійнай этыкі не забараняюць.
У красавіку калегія адвакатаў ужо выносіла вымову Лаеўскаму за яго пост у Facebook, у якім ён выказаў нязгоду з праектам зменаў у заканадаўстве аб адвакатуры.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.