Калгасы ў шоку: З машын, што вязуць збожжа з палёў, бяруць плату за дарогу
Не толькі надвор’е дадае складанасцяў сельскім гаспадаркам падчас жніва. Як вынікае са слоў кіраўніка прадпрыемства “Азярыцкі-агра”, сенатара Ніны Жалязновай, яшчэ адна нечаканая бяда ― платныя дарогі.
“На тэрыторыі гаспадаркі 40 кіламетраў платнай дарогі, і кожны грузавік, які едзе з зернем ад камбайна, а ён робіць дзясяткі рэйсаў цягам дня, вымушаны плаціць за дарогі!” ― скардзіцца кіраўніца прадпрыемства “Азярыцкі-агра”.
Сенатар Савета Рэспублікі дадае: “У нас чамусьці ўсе пытанні, у якія не ўнікае прэзідэнт, яны ўсе не маюць рашэння!”
Тое, што ў нас без дапамогі і падказкі кіраўніка краіны гаспадаркі не могуць ні бульбу пасадзіць, ні жыта зжаць, даўно вядома. Цікавае тут іншае: колькі гаспадаркі губляюць на неабходнасці плаціць за платныя дарогі, па якіх вязуць збожжа?
Дзеля цікавасці тэлефаную ў суседнюю з “Азярыцкі-агра” гаспадарку. Галоўны інжынер “Смалявіцкірайаграсервіс” Дзмітрый Кішчук расказвае пра такія нюансы.
Дзмітрый Кішчук: “Можна выехаць з поля, праехаць толькі сто метраў і ізноў заехаць на поле, але калі пад рамкай з фіксатарамі праехаў, то ўсё ― плаці. А некаторыя машыны пройдуць сто кіламетраў і плацяць такую ж суму, як і мы за гэтыя сто метраў. У пастаўленыя ж тыя рамкі так, што іх не аб’ехаць!”
У колькі абыходзяцца гаспадарцы гэтыя сто метраў па платнай дарозе за жніво, галоўны інжынер не кажа. Сума залежыць ад машыны ― чым яна большая, тым большую суму здымаюць.
Сайт Beltoll паведамляе: “Кожны раз, калі транспартны сродак, праязджае пад парталам, здымаецца аплата за праезд па пэўным участку платнай дарогі”. Гэта азначае, што незалежна ад таго, колькі вы праехалі па дарозе, з вас здымуць за кіламетраж паміж двума парталамі ― можа, гэта будзе 10, а можа, і 30 кіламетраў. А тарыф для грузавых машын ― ад 0,08 да 0,12 еўра за кіламетр. Вось і лічыце.
Да праблемы з платнымі дарогамі дадаецца праблема са штрафамі.
“Ездзім пастаянна за межы нашай тэрыторыі. Як вядома, з грашыма ў калгасе заўжды напружана… Стараемся сачыць, каб на Beltoll былі грошы, але часам трапляем на штраф. Нават не часам, а пастаянна ― летась за год у нас каля ста мільёнаў рублёў старымі толькі штрафаў выйшла”, ― прызнаецца галоўны інжынер сельгасгаспадаркі “Пятровічы” Андрэй Лук’янаў.
Па словах майго суразмоўцы, праезд пад адной рамкай без аплаты ― 260 еўра штрафу з машыны.
З гэтай нагоды прыгадваюцца сказаныя падчас эпічнай селектарнай нарады Аляксандрам Лукашэнкам словы наконт дапамогі адзін аднаму: “Перакідка тэхнікі вельмі актуальная на сённяшні дзень. Асабліва ў Віцебскай вобласці, на поўначы Мінскай і Магілёўскай. Мы павінны гэта мець на ўвазе”.
Гэта ж колькі парталаў Beltoll пройдзе тэхніка на шляху, да прыкладу, з Брэсцкай у Віцебскую вобласць? Складана нават падлічыць, колькі грошай з іх за гэта здымуць.