Калі б патрон знайшлі не ў француза, а ў беларуса, то прысуд быў бы іншым

Калі б патрон знайшлі не ў француза, а ў беларуса, то прысуд быў бы іншым

20 лістапада беларускі суд вызваліў француза Жалана Віо, якога затрымалі на беларуска-ўкраінскай мяжы. Замежнік правёў за кратамі амаль два месяцы. Яго абвінавачвалі ў незаконнай перавозцы агнястрэльнай зброі і незаконным абарачэнні атрутных рэчываў. 24-гадовы Жалан Віо, жыхар Лондана, падарожнічаў па Еўропе. У Беларусь ён прыехаў з Літвы і 21 верасня спрабаваў патрапіць ва Украіну праз памежны пераход “Новая Гута”.

"Я па-англійску адказаў пытаннем на пытанне: "Ці з'яўляецца куля забароненай, я не ведаю?". Яны не зразумелі мяне і жэстамі папрасілі паказаць. Я палез у заплечнік. У скрутку ляжала куля і іншыя сувеніры з іншых краін, якія я набыў раней", — распавядаў Віо на першым жа пасяджэнні ў судзе15 лістапада, амаль праз два месяцы пасля затрымання.

Француз распавёў, што патрон яму падарылі ў Варшаве, паведаміўшы, што гэта муляж. Супрацоўнік Гомельскай мытні на судзе прызнаўся, што кепска валодае англійскай мовай, але вырашыў выказаць пільную ўвагу да француза з-за "барады дадзенага грамадзяніна". На відэазапісе з мытні, які праглядалі ў судзе, выразна відаць і чуваць, як француз пытаецца мытніка, ці можна правозіць патрон праз мяжу. Пра гэта  на сваёй старонцы ў Фэйсбук напісаў праваабаронца Андрэй Стрыжак, які сачыў за працэсам.

“Апраўдальны прысуд у гэтым выпадку безумоўна мае палітычны характар, бо наша дзяржава не зацікаўленая ў псаванні стасункаў з такімі краінамі, як Францыя, − разважае праваабаронца. – У нас даволі нейтральныя адносіны. Яны асабліва не крытыкуюць Лукашэнку за яго аўтарытарны стыль кіравання. Францыя ў нас даволі моцны гандлёвы партнёр. У тым жа Гомелі ёсць дзве школы з французскай мовай навучання ў якасці замежнай, а да нядаўняга часу існаваў Беларуска-французскі інстытут кіравання, пасля навучання ў якім студэнты маглі паехаць у Леон ці Марсэль і давучвацца два гады. Псаваць адносіны з-за нейкага патрона было б дзіўна. Карацей, гэты прысуд быў вынесены толькі таму, што гэта французскі грамадзянін. Калі б на яго месцы быў беларус, то мы б убачылі зусім іншую карціну, на жаль”.

Паводле статыстыкі, у Беларусі выносіцца толькі 0,18% апраўдальных прысудаў. Што Жалан Віо трапіць у спіс шчасліўчыкаў, Андрэй Стрыжак не верыў і ставіў на перакваліфікаванне справы. Бо дзеянні замежніка не былі наўмыснымі, таму можна было разглядаць гэта, як факт перадачы патрона, які быў знойдзены.

Цяпер Жалан Віо мае магчымасць дамагацца кампенсацыю за перажытае ў Беларусі, але выйшаўшы з залы суда, ён заявіў, што “ў атрыманым досведзе болей станоўчага, чым адмоўнага, няхай застацца ўсё, як ёсць”.

Калі б патрон знайшлі не ў француза, а ў беларуса, то прысуд быў бы іншым

“На яго месцы, выйшаўшы з залы суда, я б таксама падзякаваў усім і пабег бы хутчэй на самалёт, − усміхаецца Андрэй Стрыжак. – Але мы будзем настойваць, каб гэты працэс усё ж быў праведзены. Але казаць, што за адзін дзень у СІЗА выплочваецца 10 рублёў кампенсацыі, нельга. Звычайнаму чалавеку вельмі складана апісаць свае пакуты за прыбыванне ва ўмовах, якія не адпавядаюць міжнародным мінімальным умовам утрымання. Але ёсць добра прапрацаваныя сістэмы, якія добра распісваюць гэтыя пакуты, абапіраючыся на досвед у іншых краінах, на іншыя судовыя працэсы. Пасля адбыцця арышту чалавек можа прайсці даследаванне і высветліць, якія змены адбыліся ў арганізме. Гэта ўсё аблічваецца коштамі. З гэтых коштаў матэрыяльнай і маральнай шкоды складаецца кампенсацыйная выплата, якую можна ў падобных выпадках заявіць”.

За незаконную перавозку агнястрэльнай зброі французу пагражала да 7 гадоў пазбаўлення волі. Аднак пракурор папрасіла яго толькі аштрафаваць на суму 6900 рублёў. Пасля вызвалення журналісты спыталі Віо, ці збіраецца ён яшчэ раз наведаць Беларусь?

“Калі калісьці Лукашэнка перастане быць прэзідэнтам, чаму не?”, — адказаў замежнік. Але яго перакладчыца не наважылася вымавіць гэтыя словы, абарваўшыся на палове сказа. Таксама француз распавёў, што апошнія два тыдні ў камеры было холадна, бо адключылі ацяпленне, і дзякуючы беларускай турме Жалан пабачыў пацукоў ды прусакоў.

Нягледзячы на тое, што словы Жалана Віо прагучаць і ў замежных СМІ, Андрэй Стрыжак перакананы, што яны не паўплываюць на ўмовы ўтрымання ў СІЗА.

“Калі бузде створаны незалежны орган маніторынгу, які зможа ўваходзіць у гэтыя ўстановы, то там адразу зменіцца сітуацыя, − тлумачыць праваабаронца. – Але пакуль адкрытага грамадскага кантролю не з’явіцца, усё будзе па-ранейшаму. Бо ўсе самыя дрэнныя рэчы адбываюцца за зачыненымі дзвярыма, там, дзе ніхто не можа пракантраляваць і праманіторыць тое, што там адбываецца насамрэч”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі