“Калі “Дынама” не дадуць, мусіць быць іншы варыянт святкавання Дня Волі”

“Калі “Дынама” не дадуць, мусіць быць іншы варыянт святкавання Дня Волі”

Фармат святкавання Дня Волі 24 сакавіка на стадыёне “Дынама” не прадугледжвае “палітычнага складніка”. У той жа час, менавіта 101-я гадавіна БНР — дата, у якую грамадскасць мусіць данесці да ўлады сваю пазіцыю па актуальных пытаннях. Найперш, гэта пытанні захавання незалежнасці Беларусі, “легалізацыі” бел-чырвона-белага сцяга, падтрымкі беларускай мовы ды іншае. Так сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі Беларуская Хрысціянская дэмакратыя Віталь Рымашэўскі тлумачыць падачу заяўкі на правядзенне акцыі 25 сакавіка ля Опернага тэатра.

“Мы падалі заяўку на панядзелак для таго, каб людзі маглі прыйсці на канцэрт, адсвяткаваць у святочным фармаце, і на палітычную акцыю, на якую запрашаем мы. Фармат нашай акцыі носіць выразна палітычныя мэты. Мы будзем заклікаць людзей падключацца да нашай кампаніі ў падтрымку незалежнасці Беларусі. Найперш, выступіць за дэнансацыю пагаднення аб Саюзнай дзяржаве — яна павінна быць знішчаная, беларусы мусяць паказаць, што яны супраць паўзучай анексіі з боку Расіі. Другое: мы заклікаем далучыцца да кампаніі ў падтрымку беларускай мовы і культуры. І за наданне бел-чырвона-беламу сцягу і гербу “Пагоня” статусу першай дзяржаўнай сімволікі. Наш сцяг, наша мова, наша зямля! Святкаваць гэта добра, але без палітычнага змагання беларуская незалежнасць не будзе абароненая”, — кажа Віталь Рымашэўскі.

Па словах старшыні Руху “За свабоду” Юрася Губарэвіча, святочны канцэрт 24 сакавіка на “Дынама” і палітычная акцыя 25 сакавіка ля Опернага тэатра “не перабіваюць, а дапаўняюць адна другую”.

Юрась Губарэвіч: “Тым больш, што ўжо прагучала пазіцыя адміністрацыі стадыёна, што яны не разглядаюць магчымасці правядзення там нейкага масавага мерапрыемства напярэдадні Еўрапейскіх гульняў. І тут не варта сядзець і чакаць, даспее ці не даспее ўлада — трэба прапаноўваць дадатковыя варыянты, каб людзі мелі легальную магчымасць выйсці і паказаць, што нас шмат і што мы падтрымліваем незалежнасць”.

Калі дазволу на палітычную акцыю ля Опернага тэатра ўлады не дадуць, то яна пройдзе “несанкцыянавана”, заяўляе Віталь Рымашэўскі.

Заяўнікаў акцыі ля Опернага тэатра не палохае, што 25 сакавіка — працоўны дзень. Па словах Юрася Губарэвіча, хоць пачаткам мерапрыемства пазначаная 16 гадзіна, але мітынг пачнецца толькі а 18-й. Гэта дасць магчымасць людзям далучыцца да акцыі па заканчэнні працоўнага дня. Суразмоўцы Еўрарадыё перакананыя: адсвяткаваць Дзень Волі ў “палітычным фармаце” пажадае значная колькасць беларусаў.

Цалкам размову з Юрасём Губарэвічам і Віталём Рымашэўскім можна паслухаць тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі