Калі здадзімся, усе ахвяры марныя: жыхар Харкава пра вайну, беларусаў і перамогу

Харкаў пасля абстрэлаў / Oleksandr Lapshyn, Reuters / Scanpix / LETA
Харкаў пасля абстрэлаў / Oleksandr Lapshyn, Reuters / Scanpix / LETA

Наша гутарка з жыхаром Харкава Ігарам доўжыцца каля 50 хвілін. За гэты час часцей за фразу "не магу паверыць, што гэта адбываецца ў XXI стагоддзі ў Еўропе" гучаць толькі выбухі. Іх было не менш за сем.

Гаворачы пра неадэкватнасць пуцінскай агрэсіі ў дачыненні да Украіны, часта ўспамінаюць пра Харкаў і Марыупаль. Гэта два гарады з найбольшай колькасцю рускамоўнага насельніцтва ва Украіне. Менавіта яны трапілі пад самыя жорсткія абстрэлы.

— Як можна "вызваляць" рускамоўныя гарады з дапамогай зброі, каб усталяваць рускі свет? Гэта як?! — абураецца Ігар.

Ён не служыў у войску і не мае баявога досведу. Па прафесіі ён кухар. Цяпер разам з жонкай і мамай Ігар знаходзіцца ў Харкаве. Яны дапамагаюць тым, "каму горш".

Ігар пагадзіўся расказаць Еўрарадыё пра тое, як Харкаў перажывае вайну, што дае сіл у гэты час і як там ставяцца да беларусаў.

Если сдадимся, все жертвы напрасны: житель Харькова о войне, белорусах и победе
Ігар з жонкай Таццянай / фота з сацыяльных сетак

"Мне няма на што скардзіцца"

Пасля таго як жыхары Харкава прачнуліся а чацвёртай раніцы 24 лютага ад выбухаў і ўбачылі вуліцы ў агні, Ігар з сям'ёй некалькі дзён правёў у падвале.

— Я жыву ў прыватным сектары, гэта проста. О, бахкае. Мы цяпер да выбухаў годна ставімся. Далей мая сям'я стамілася сядзець у падвале, мы пачалі гатаваць нашым "котыкам" [гэтае слова Ігар гаворыць па-ўкраінску. — Еўрарадыё] з УСУ і тэрабароны. Мы дапамагаем тым, каму больш патрэбная дапамога, чым нам. Мне няма на што скардзіцца. Дый у прынцыпе горад жыве па-геройску.

Спачатку ў крамах былі вялікія чэргі. Цяпер з ежай праблем няма.

— Каменданцкая гадзіна ў нас з шасці вечара да дзевяці раніцы. Пасля шасці мы выключаем святло і горад цалкам занураецца ў цемру. Тады пачынаюцца абстрэлы, бамбаванні.

У гэтых умовах сям'я Ігара працягвае плаціць камуналку, таму што работнікі ЖКГ не з'язджаюць, а імкнуцца вяртаць людзям святло, ваду, рамантаваць інфраструктуру пасля абстрэлаў.
 

"Цяпер усім зразумела, хто ёсць вораг"

Да пятага дня вайны Ігар вырашыў пайсці ў тэрабарону.

— Тут ніхто ўжо не сумняваецца. Гэтая вайна зняла ўсю афарбоўку па сітуацыі з Крымам, з Данбасам — усё змяніла. Цяпер усім зразумела, хто ёсць вораг.

У тэрабарону яго не ўзялі.

— Нам сказалі: "Хлопцы, у нас усё ў парадку. Застаньцеся толькі тыя, у каго ёсць баявы досвед". Я вярнуўся дадому, а на наступны дзень цэнтр каля адміністрацыі зазнаў два выбухі, якія ўсе бачылі. Мы былі ў суседнім доме.

Если сдадимся, все жертвы напрасны: житель Харькова о войне, белорусах и победе
Цэнтр Харкава пасля абстрэлаў / Vyacheslav Madiyevskyy, REUTERS/Scanpix/Leta

— Пазней мяне адкінула выбухной хваляй, калі я быў у валанцёрскім цэнтры, — трохі палётаў, — усміхаецца суразмоўнік.

Гэта смяшок праз боль. Далей Ігар расказвае, што людзі сем'ямі і дамамі жывуць у метро, хтосьці афіцыйна бомж, таму што дома больш няма. Камусьці з рызыкай трапіць пад абстрэл Ігар возіць ежу ў падвалы.

— У нас разбілі адзін з самых вялікіх раёнаў — Паўночную Салтоўку. Вось гэтыя звычайныя дзевяціпавярховікі, якія ёсць у цябе, у свінасабак, іх больш не існуе.

У той жа час Ігар з гонарам расказвае, што людзі сталі салідарныя як ніколі і імкнуцца дапамагаць адно аднаму.

— Мы жывём і змагаемся. Раней была "Правабярэжная Украіна", "Левабярэжная". І мы не ведалі, куды нам ісці. Увесь час раздарожжы, раздарожжы. Калі рускія ўварваліся, гэта аб'яднала Харкаў, Львоў, усіх аб'яднала. Гэта грэе.
 

"Павінен класці плітку і рыхтавацца да дзетак"

На пытанне, чаму жонка і мама Ігара не з'ехалі, ён адказвае коратка:

— Гэты варыянт адразу быў адкінуты. Гэта наша зямля.

Чуць пра тое, што ўкраінцаў прыйшлі ад кагосьці вызваляць, проста недарэчна, лічыць Ігар.

— Учора адна сям'я трапіла пад абстрэл. Толькі дзіця засталося жывое. Гэта ў часе зялёнага калідора. Гэта подла. Затое па вобласці грае гімн Расіі. Сказалі зрабіць перапіс насельніцтва. Узнаўляць гэта ўсё цяжкавата, але ніхто здавацца зусім не збіраецца. І мір толькі на нашых умовах, таму што інакш усе ахвяры марныя. Проста марныя, разумееш?

Нягледзячы на вельмі цяжкія ўмовы і стомленасць, наш суразмоўнік будуе планы на будучыню.

— Нядаўна думаю: "Сяджу я, а потым адзін прылёт — і ўсё". Гэтыя думкі звычайна адганяюцца. Калі ўсё скончыцца, пайду разграбаць завалы і адбудоўваць горад. Не важна: за грошы, не за грошы. Буду аднаўляць горад, жыццё. Цяпер гэта таксама сагравае. Гэта будзе нешта, не будзе нікога са зброяй!.. У нас кананады ідуць акурат цяпер.

Если сдадимся, все жертвы напрасны: житель Харькова о войне, белорусах и победе
Харкаўчане разбіраюць завалы пасля абстрэлу прыватнага сектара / фота Ігара

— Я не разумею, як рускія могуць свята верыць гэтаму ідыёту, які і сваю краіну вырак на такое гора. Яны падтрымліваюць вайну ў суседняй дзяржаве пры тым, што мы такія самыя. Мы з табой гаворым на рускай. Я можу українською. Але навошта? Мяне ніхто не ўшчамляў, не крыўдзіў.

Аказваецца, у нас было шыкоўна. У гэты час я павінен быў купіць машыну і плітку пакласці ў двары. Да вайны мы рыхтаваліся да дзетак. Зрабілі ўсе магчымыя аналізы.

Думку Ігара перарывае гук выбуху.
 

"Беларусы заўсёды такія светлыя, добрыя"

Пад канец не можам не запытацца пра стаўленне да беларусаў. Бо бамбяць Украіну ў тым ліку з беларускай тэрыторыі. І гэта нават не хаваецца.

Если сдадимся, все жертвы напрасны: житель Харькова о войне, белорусах и победе
След ад запуску ракеты пад Лунінцам / media-polesye.by

— З адной беларускай, якая падтрымлівае "спецаперацыю", я доўга не спрачаўся нават, а спрабаваў зразумець яе пункт гледжання. Дайшло да таго, што яна напісала, што ні з кім не можа весці нармальны дыялог. Таму што на ўсе яе довады пачынаюць скідваць фота мёртвых рускіх салдат, "праяўляюцца прыступы агрэсіі". Усё скончылася тым, што я яе заблакаваў. Але я ўпэўнены, што гэта адзінкавы выпадак.

У цэлым стаўленне да беларусаў у Ігара ўсё яшчэ добрае.

— Беларусікі... За ўсё жыццё я не сустракаў ніводнага злога, подлага беларуса і, упэўнены, не сустрэну. Яны заўсёды такія добрыя, светлыя. Так, ёсць у вас прэзідэнт такі, але ён не вечны. Дакладна гэтаксама, як і іншы падонак у Расіі.

Мяне за апошні час вельмі моцна парадавалі беларускія партызаны, якія дзейнічаюць на чыгунцы. Рускія таксама не ўсе замбаваныя прапагандай, якую на галаву не нацягнеш. Сачу за некалькімі блогерамі і апазіцыянерамі. Ёсць адэкватныя.

Если сдадимся, все жертвы напрасны: житель Харькова о войне, белорусах и победе
Беларусы ў Варшаве на мітынгу ў падтрымку Украіны / Еўрарадыё

Глядзець на марыянеткавы беларускі ўрад і тое, як з Беларусі ляцяць ракеты, украінцам балюча, падкрэслівае суразмоўнік. Ён усё ж спадзяецца, што ў беларусаў хопіць сіл не дапусціць уводу беларускага войска ва Украіну.

— Па-іншаму ваш вусаты нічога не можа зрабіць. Ён хацеў уладу да канца. Цяпер таксама стане ваенным злачынцам. Яшчэ некаторых рускіх можна зразумець. Ім прасцей верыць, што тут нацысты. Хоць мы ні на кога а чацвёртай раніцы не нападалі. Ім прасцей верыць, што яны робяць высакародную справу, чым прыняць, што яны знаходзяцца на абсалютным баку зла, які сее разбурэнне і смерць.

Нічога, мы зможам усё вярнуць. Ніколі ні ў чым не быў так упэўнены. Мы пераможам, — падводзіць рысу Ігар.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі