Беларускі добраахвотнік ваяваў ва Украіне да 60 гадоў
З Беларусі з'ехаў пасля выбараў 2020-га пад пагрозай рэпрэсій
Беларускі добраахвотнік з пазыўным "Бача" ваяваў ва Украіне да 60 гадоў. Раней ён прайшоў вайну ў Афганістане. Нідзе паранены не быў. Пра гісторыю "Бачы", які з'ехаў з Беларусі пасля выбараў 2020-га пад пагрозай рэпрэсій, напісала by.tribuna.com.
У Брэсце мужчына працаваў на будоўлі кранаўшчыком. Пасля знаёмства з незалежнымі прафсаюзамі пачаў абараняць свае правы. Праводзіў акцыі супраць "рускага свету" і саюзнай дзяржавы. На выбарах 2020-га быў назіральнікам. У выбарчы ўчастак яго не пусцілі, спасылаючыся на "кавідныя абмежаванні". На наступны дзень ён кінуў свае медалі за вайну ў Афганістане пад ногі членаў камісіі, на яго склалі пратакол і пазбавілі акрэдытацыі назіральніка. Шырока вядомы здымак, як мужчына з біноклем глядзіць у акно ўчастка. Пасля былі вулічныя маршы, 13 сутак арышту. У траўні 2021-га мужчыну затрымлівалі па "справе Аўтуховіча", з якім ён быў знаёмы. Але праз трое сутак адпусцілі. Далей працягвалі турбаваць, і, адчуваючы, што могуць зноў арыштаваць, з'ехаў. У Польшчы працаваў у кампаніі Валерыя Сахашчыка.
У канцы лютага 2022-га "Бача" вырашыў ехаць ва Украіну, уваходзіў у беларускую роту пры "Азове", пасля — у батальён "Волат" палка Каліноўскага. Ваяваў больш за два гады, быў у Бахмуце. У сваім падраздзяленні намагаўся падтрымліваць дысцыпліну, заклікаў гаварыць па-беларуску. Ён перакананы, што неабходны "больш строгі і старанны" адсеў добраахвотнікаў: "Трэба не за колькасцю бегчы, а за якасцю".
Пасля 26 месяцаў службы, у 60 гадоў, "Бача" пайшоў у адстаўку, паколькі ва Узброеных сілах Украіны не заключаюць кантракты з замежнікамі ў такім узросце. А ў тыле, як прапаноўвалі, служыць не захацеў, да таго ж узніклі праблемы са здароўем — вярнуўся ў Польшчу, "падаўся на бежанства".
"Рускія бяруць колькасцю, кладуць шмат людзей для акупацыі. Пуцін жа зусім вар'ят, ён нікога не шкадуе, — кажа былы добраахвотнік. — Але веру, што сітуацыя памяняецца — Украіна пераможа. Няма ў краіны іншага варыянту... Тады і нашая краіна будзе свабоднай ад "рускага свету".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.