Каліноўцы адзначылі ў Кіеве Дзень беларускай вайсковай славы
Кіеў, 8 верасня 2023-га / t.me/belwarriors/
Каліноўцы адзначылі ў Кіеве Дзень беларускай вайсковай славы. 8 верасня яны сабраліся ва Успенскім саборы Кіева-Пячэрскай лаўры каля надмагільнага помніка князю Канстанціну Астрожскаму. У мерапрыемстве "Орша 1514. Плячом да пляча — перамагаем" паўдзельнічалі вайскоўцы брыгады імя Астрожскага, ваенныя капеланы, беларускі і ўкраінскі актыў Кіева, гісторыкі, мастакі, праваслаўныя святары, літоўскія і польскія дыпламаты.
"Украінцы, беларусы, літоўцы і палякі разам адсвяткавалі яскравую перамогу над спрадвечным ворагам — Масковіяй", — піша прэс-служба палка Каліноўскага.
Адбыліся малебен за перамогу Украіны і кароткая гісторыка-мастацкая імпрэза, урачыстае адкрыццё барэльефа князю Астрожскаму на сцяне Кафедральнага сабора, ушанаванне беларускіх добраахвотнікаў, якія атрымлівалі ўзнагароды. Са святам павіншавалі каліноўцы, якія знаходзяцца на фронце.
8 верасня адзначаецца неафіцыйны Дзень беларускай вайсковай славы — у гонар бітвы пад Оршай 1514 года. У гэтай бітве войска Вялікага княства Літоўскага, якім камандаваў гетман Канстанцін Астрожскі, разбіла значна большае войска Маскоўскага княства.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.