Каліноўцы не дапамогуць: чаму вызваленне Беларусі магчымае толькі знутры краіны
Каліновец / фота: t.me/belwarriors
Вызваленне Беларусі ад рэжыму Лукашэнкі магчымае толькі знутры краіны. У гэтым упэўнены грамадскі актывіст і сузаснавальнік “Белага легіёна” Сяргей Бульба. У стрыме Еўрарадыё ён патлумачыў сваю думку.
“Я не бачу магчымасці, каб каліноўцы зараз кудысьці зайшлі. Загінуў наш брат, якому яны верылі, з якім маглі зайсці. Гэта сур’ёзная страта для іх — Міраслаў Лазоўскі. А штабныя заклікі — міма касы”.
Бульба прыводзіць прыклад заходаў на тэрыторыю Расіі Рускага добраахвотніцкага корпусу і рэакцыю на гэта заходніх краін.
“Амерыканцы і ўсе іншыя выказалі незадаволенасць такімі дзеяннямі Украіны. Да ўсяго, увесь час ідзе камунікацыя паміж украінскімі спецслужбамі і беларускімі. Трэба разумець, што Украіне крытычна не патрэбны другі фронт. Гэта цалкам перакрывае ідэю, што кагосьці з беларусаў могуць туды запусціць, як РДК на Белгародчыну.
То-бок я шчыра не чакаю і быў бы здзіўлены, калі б гэта адбылося. Ва Украіне не такі вялізны мабілізацыйны рэсурс, каб проста так раскідвацца людзьмі. Яна не можа арганізаваць “мясныя туры”, як Расія. Таму яны будуць дамаўляцца з цяперашнімі ўладамі”.
Але хто будзе вызваляць Беларусь унутры краіны?
“Жывыя людзі заўсёды застаюцца. Не ўсе ж з’ехалі. Частка засталася, і яны тым больш бачаць, што іншых варыянтаў ужо няма. Згадаем украінскую храналогію 2003-2004: Майдан — яны таксама не супраціўляліся. Нацыя накапіла патэнцыял да наступнага Майдана — усё пайшло інакш. Мы прайшлі першы клас — цяпер у нас летнія вакацыі перад другім класам. Гісторыю не падманеш. Усё будзе вырашацца на зямлі. Не спадзявайцеся на прыход Ціханоўскіх, Каліноўскіх”, — рэзюмуе Бульба.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.