Каля 1,1 мільёна тон нафты плануе атрымаць Беларусь з Расіі ў чэрвені
У чэрвені Беларусь плануе атрымаць ад расійскіх кампаній каля 1,1 мільёна тон нафты. Такую лічбу назваў прэс-сакратар канцэрна "Белнафтахім" Аляксандр Цішчанка.
"Па трубаправодным транспарце чакаем каля 1 мільёна тон нафты, па чыгунцы — каля 80 тысяч тон нафты. Гэта значыць, у суме гэта каля 1,1 мільёна тон, фактычна ідэнтычныя пастаўкі з РФ, як і ў траўні", — перадае БЕЛТА словы Цішчанкі.
Плануецца, што пастаўкамі нафты ў Беларусь будуць займацца дзесяць расійскіх кампаніяў, у тым ліку "Раснафта", "Башнафта", "Татнафта", "Лукойл".
Акрамя таго, працягваюцца закупкі нафты ў альтэрнатыўных пастаўшчыкоў. Да 5 чэрвеня "Белнафтахім" чакае прыбыцця ў Клайпеду танкера з амерыканскай нафтай. Раней паведамлялася, што танкер даставіць для Беларусі 80 тысяч тон амерыканскай нафты гатунку Bakken.
Па словах Цішчанкі, сёлета ад альтэрнатыўных пастаўшчыкоў Беларусь атрымлівала кожную пятую тону нафты. "Сёлета было ўжо 11 танкерных паставак, 12-ы танкер будзе з амерыканскай нафтай, ён яшчэ ў дарозе", — дадаў прэс-сакратар.
Раней Беларусь закупляла азербайджанскую нафту з перавалкай у порце Адэсы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.