Каля гандлёвага цэнтра "Рыга" знайшлі мёртвым мужчыну, які знік падчас пратэстаў
Каля гандлёвага цэнтра "Рыга" ў Мінску знайшлі цела мужчыны, які знік падчас вулічных пратэстаў, піша TUT.by.
Апошні раз Аляксандра Будніцкага бачылі раніцай 11 жніўня. Ён мусіў выйсці на працу пасля абеду, але так там і не з'явіўся. Не вярнуўся ў ён і ў інтэрнат, дзе жыў апошнія два гады.
Толькі 31 жніўня яго калегі даведаліся, што Будніцкі памёр, а яго цела нібыта знайшлі недалёка ад гандлёвага цэнтра "Рыга".
Мужчыну было 53 гады, ён працаваў на Мінскім заводзе шасцярэнь і жыў у інтэрнаце на вуліцы Батанічнай. Трывогу забілі яго суседзі, калі Будніцкі знік. Па іх словах, мужчына мог выпіць, але ў запой не сыходзіў.
"10 жніўня мы з іншым калегам вечарам ездзілі да "Рыгі", гэта тры прыпынкі ад інтэрната. Сюды звычайна ходзім па ежу, а ў той дзень вырашылі паглядзець, што там адбываецца. Бачыў сваімі вачыма, як стралялі і ўзрывалі. Калі вярнуліся ў інтэрнат, распавёў Аляксандру, што там рабілася. Больш яго не бачыў ні дома, ні на працы. Бачачы, што Аляксандра не шукаюць, разам з Генадзем 19 жніўня паехалі ў Першамайскае РУУС і пакінулі заяву аб знікненні чалавека. У нас яшчэ спыталі, ён удзельнічаў у акцыі або няма. Не так даўно з міліцыі прыйшоў адказ, што заява прынятая і зарэгістраваная", — распавядае Сяргей, сусед Будніцкага.
Па словах суседзяў, міліцыя з імі не звязвалася. Першыя дні пасля знікнення Будніцкага яны спрабавалі датэлефанавацца да яго: спярша ішлі доўгія гудкі, але ніхто не адказваў, а потым абанент быў па-за зонай доступу.
У панядзелак Сяргей затэлефанаваў брату Будніцкага, і той сказаў, што цела знайшлі каля ГЦ "Рыга".
"Аляксандр працаваў у першым цэху, на цяжкім участку, рабіў бартавыя дэталі — гэта фізічна складаная праца. У яго ішлі дэталі па 16, 30 кілаграмаў, уяўляеце? І 200-300 штук такіх дэталяў трэба перакінуць у дзень з месца на месца", — сумняецца Сяргей у прычынах смерці.
Валянцін, брат Аляксандра, у міліцыю з заявай пра знікненне сваяка не звяртаўся. 31 жніўня яму паведамілі, што знайшлі цела.
"Нічога там такога, заўтра я атрымаю [цела]. Ён сышоў 11 жніўня, у міліцыі сказалі: ёсць сведкі, што ён папрасіў закурыць, і пры іх здарыўся прыступ, быў у стане моцнага алкагольнага ап'янення. 12 жніўня ён ужо паступіў на экспертызу. Прайшла нейкая левая інфармацыя ад калегаў, што ён не мае сваякоў", — распавядае Валянцін.
Дарэчы, у афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта Кацярына Гарлінская заявіла журналістам TUT.by, што яе ведамства не ведае пра смерць у раёне ГЦ "Рыга": "У названыя даты факты смерці каля ГЦ "Рыга" не зарэгістраваныя, пакуль іншай інфармацыі не будзе".
Нагадаем, што гэтаксама падчас пратэстаў знік маладзечанец Мікіта Крыўцоў. Яго цела праз некалькі дзён знайшлі павешаным у лесапаласе. Сваякі не вераць у афіцыйную версію самагубства. Смерць Аляксандра Будніцкага таксама выклікае шмат пытанняў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.