Каля мітынгу Трампа затрымалі мужчыну са зброяй і некалькімі пашпартамі

Дональд Трамп на мітынгу ў Каліфорніі

Дональд Трамп на мітынгу ў Каліфорніі / АР

Паліцыя прадухіліла спробу забойства, калі затрымала каля мітынгу кандыдата ў прэзідэнты ЗША Дональда Трампа мужчыну са зброяй, некалькімі пашпартамі і падробленым нумарным знакам для аўтамабіля. Пра гэта заявіў шэрыф акругі Рыверсайд, дзе адбыўся інцыдэнт, Чад Б'янка. Яго словы прыводзіць Reuters. Шэрыф адзначыў, што гэта яго асабістае меркаванне. Інцыдэнт адбыўся ў Каліфорніі ў мінулую суботу. Затрыманаму мужчыне прад'явілі абвінавачанні толькі ў незаконным захоўванні агнястрэльнай зброі.

"Што мы ведаем, дык гэта тое, што ён з'явіўся з некалькімі пашпартамі на розныя імёны, на незарэгістраваным аўтамабілі з падробленымі нумарнымі знакамі і з зараджанай агнястрэльнай зброяй", — заявіў шэрыф, і затым дадаў, што ён сапраўды верыць, "што мы прадухілілі яшчэ адзін замах".

49-гадовы мужчына, як мяркуецца, жыхар Лас-Вегаса Вем Мілер, быў спынены на чорным пазадарожніку памочнікамі шэрыфа. Трамп яшчэ не выйшаў на сцэну. Мілера пазней вызвалілі пад заклад у 5000 долараў. "Інцыдэнт не паўплываў на бяспеку былога прэзідэнта Трампа ці ўдзельнікаў мерапрыемства", — адзначылі ў офісе шэрыфа.

Нагадаем, у ліпені ў Трампа стралялі падчас перадвыбарчага мітынгу ў Батлеры, штат Пенсільванія. Куля зачапіла яго вуха. У верасні агенты Сакрэтнай службы затрымалі мужчыну, які хаваўся з вінтоўкай каля поля для гольфа Трампа ў Палм-Біч. Яго абвінавацілі ў спробе забойства палітыка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі