Калясачнік Саша Аўдзевіч падарыў аднаму з банкаў мабільны пандус

Калясачнік Саша Аўдзевіч падарыў аднаму з банкаў мабільны пандус

Калясачнік Саша Аўдзевіч з Ліды падарыў аддзяленню банка "МТБанк" мабільны пандус. Яму рэгулярна там трэба бываць, але ў памяшканне патрапіць праблематычна. Калі перапіска з адміністрацыяй банка не дала выніку, Аўдзевіч купіў пандус за ўласныя грошы — за сродкі, якія ўзяў у крэдыт у тым жа банку.

"МТБанк" пракаментаваў Еўрарадыё сітуацыю: "Аляксандр звяртаўся ў аддзяленне МТБанка з просьбай абсталяваць ўваход пандусам для інвалідаў-калясачнікаў. Пакуль супрацоўнікі банка вырашалі цэлы шэраг арганізацыйных і тэхнічных пытанняў, якія вынікаюць з неабходнасці як юрыдычнай асобы выканаць шматлікія рэгламентныя этапы пры правядзенні работ па ўстаноўцы стацыянарнага пандуса, ініцыятыва Аляксандра па набыцці мабільнага пандуса дазволіла паскорыць гэты працэс. МТБанк, вядома ж, кампенсуе Аляксандру выдаткаваныя ўласныя сродкі. Таксама мы выйшлі з ініцыятывай падтрымаць імкненне Аляксандра і сумесна падрыхтаваць праект для інвалідаў-калясачнікаў".

Еўрарадыё неаднаразова пісала пра Сашу Аўдзевіча. Два гады таму беларус з першай групай інваліднасці праехаў 4 тысячы кіламетраў па Еўропе на хэндбайку. Сёлета ён скокнуў з самалёта з парашутам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі