Камандзір амерыканскага аркестра пра мінскі парад: Такога ніколі не бачыў!

З’яўленне ў Мінску амерыканскага ваеннага аркестра выклікала інтарэс і ажыўленне ў звычайных гараджан. Людзі пляскаюць замежнікам у далоні, іх відавочна цешаць энергічныя амерыканцы падчас рэпетыцыі параду Перамогі. Амерыканцы ў межах аднаго парада пройдуць разам з беларусамі і расіянамі.

Камандзір Бэнда ваенна-паветраных сіл ЗША ў Еўропе, падпалкоўнік Майкл Мэнч распавядае Еўрарадыё, што прыехаў у Беларусь па запрашэнні нашай дзяржавы.

“Выступіць на парадзе Перамогі 9-га траўня нас запрасіў беларускі ўрад. У гэты працэс уключылася Амбасада Злучаных Штатаў у Мінску. Дзякуючы намаганням беларускага ўраду і амбасады, гэты візіт быў арганізаваны”, — расстаўляе акцэнты падпалкоўнік Мэнч.

Камандзір тлумачыць, што яго “бэнд” базуецца ў Германіі і складаецца з 47 музыкаў. У Беларусь з іх прыехалі 35. Усе ўдзельнікі — ваенныя людзі.

“Музычныя цырымоніі — гэта вельмі важная частка вайсковых традыцый, — працягвае камандзір. — У той жа час, мы маем магчымасць ездзіць у туры па Еўропе і Афрыцы. Наша галоўнае прызначэнне — будаваць масты паміж народамі. У нашым выпадку — паміж амерыканцамі і беларусамі”.

Падчас параду 9 траўня амерыканскі “бэнд” выканае кампазіцыі Джона Філіпа Сусы, а таксама іншыя песні, звязаныя з ваенна-паветранымі сіламі ЗША. Гэта традыцыйныя маршы.

Бэнд ваенна-паветраных сіл ЗША прыехаў у постсавецкія краіны ўпершыню. Увогуле, са славянскіх краін амерыканцы выступалі тры гады таму ў Польшчы падчас Дня Незалежнасці. А летась ў жніўні наведалі Славакію падчас Дня нацыянальнага паўстання.

Тое, з чым падпалкоўнік сутыкнуўся падчас рэпетыцыі, стала для яго новым уражаннем.

“Маштаб гэтага параду з усімі войскамі і зброяй адрозніваецца ад таго, што я бачыў раней, — адзначае Майкл Мэнч. — Мы ўдзельнічаем у парадзе, каб аддаць даніну павагі ветэранам і тым, хто загінуў у вайне, якая скончылася 70 гадоў таму. Тады нашы краіны былі саюзнікамі. Наша асноўная мэта — аддаць даніну памяці”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі