Камароўскі: у 2020-м увесь свет і Украіна пакінулі Беларусь сам-насам са злом
Украінскі доктар, тэлевядоўца Яўген Камароўскі ў інтэрв'ю беларускаму журналісту Мікіце Мелказёраву паразважаў пра рэакцыю міжнароднай супольнасці на падзеі ў Беларусі ў 2020-м і ва Украіне ў 2022 годзе.
"У 2020-м увесь свет і Украіна ў тым ліку пакінулі Беларусь сам-насам са злом, — кажа Камароўскі. — Няма сумненняў, што так адбылося. Рэакцыя міжнароднай супольнасці на тыя падзеі павінна была быць нашмат больш жорсткай. Бо фактычна гэта была сітуацыя акупацыі Беларусі... У 2020-м яна стала абсалютна відавочнай".
Яўген Камароўскі праводзіць паралелі з сітуацыяй ва Украіне. "Сусветная супольнасць была ўпэўненая, што Украіна праз тры дні здасца [Расіі], была маральна да гэтага гатова, — працягвае ён. — Была гатова нейкую заклапочанасць выказаць. І не больш таго. А калі Украіна стала супраціўляцца, ужо пачалася рэальная дапамога".
Камароўскі падкрэслівае, што цяпер ва Украіне вырашаецца не толькі яе лёс, але і таксама лёс Беларусі, Грузіі, Малдовы, ды і самой Расіі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.