Камітэт салдацкіх маці: Печы — наш галаўны боль

Камітэт салдацкіх маці: Печы — наш галаўны боль

Беларуская грамадская арганізацыя салдацкіх маці была створаная ў 1992 годзе. Яна аб'ядноўвае больш за 4 тысячы бацькоў з усёй Беларусі, чые сыны загінулі ў мірны час пры праходжанні ваеннай службы. У тым ліку і бацькі, чые дзеці загінулі яшчэ ў часы БССР. У гутарцы з Еўрарадыё кіраўніца арганізацыі Галіна Чагрынава распавяла пра рэальную дапамогу вайскоўцам, праблемы, з якімі сутыкаюцца салдацкія маці, ды куды трэба звяртацца, каб выратаваць сына ад дзедаўшчыны.

Еўрарадыё: Галіна Мікалаеўна, што рабіць салдату, калі ён сутыкаецца з нестатутнымі адносінамі падчас службы?

Галіна Чыгрынава: Цяпер у іх вельмі свабодны доступ да камандзіра часці. Таму трэба звяртацца менавіта да яго. Але не да ніжэйшага рангам! Ну, а таксама ёсць жа Міністэрства абароны, куды можна напісаць ліст і ўсё распавесці. А каб ліст дакладна дайшоў, пасылаць трэба не проста па пошце, а заказным лістом. Ну і, натуральна, даслаць ліст нам у “Камітэт салдацкіх маці”, што можа быць больш дзейсным. Бо ў гэтым выпадку мы самі выходзім на Міністэрства і займаемся рашэннем гэтага пытання. Скажу, што такіх зваротаў у нас шмат, і шмат каму мы дапамаглі. Наш зварот да салдат мусіць быць вывешаны ў кожнай воінскай часці. Там прапісаныя канкрэтныя парады для салдат, якія апынуліся ў складаных абставінах. Раней яно так і было, цяпер мы ездзім па часцях і, на жаль, ужо не паўсюль гэтыя нашы звароты бачым.

Еўрарадыё: А якім чынам вы дапамагаеце, з дапамогай якіх рэсурсаў, структур?

Галіна Чыгрынава: Мы грамадскае аб’яднанне, ніякай фінансавай дапамогі ад дзяржавы няма. Але ж мы мусім і офіс здымаць, і нейкія выдаткі на выезд да бацькоў загінулых, у тыя ж вайсковыя часці. Спрабуем дамаўляцца, шукаць нешта…

Калі не атрымліваецца дабіцца чаго-небудзь, то нам дапамагаюць дэпутаты. Яны могуць гэта зрабіць. Некаторым сем’ям загінулых пасля высвятлення дакладнай прычыны гібелі назначылі льготы. На сёння гэта самы дзейсны орган — Палата прадстаўнікоў. Звычайна гэтымі пытаннямі займаецца Міністэрства абароны. Яны дасылаюць камісію, куды і мы падключаемся. Але ўсе гэтыя расследаванні вельмі складана весці, бо адна справа, для гэтых хлопцаў што-небудзь напісаць у інтэрнэце, іншая — калі прыязджаеш да салдата і пытаешся. Звычайна яны заціскаюцца і кажуць, што нічога не ведаюць, нічога не бачылі і гэтак далей.

Еўрарадыё: Але вы ж разумееце, што ва ўмовах, калі адбіраюць мабільныя тэлефоны, патэдефанаваць і паскардзіцца вельмі складана. Хіба толькі з якога таксафона ў частцы, але там жа заўсёды ёсць нехта, хто пачуе, распавядзе. З лістамі тая ж сітуацыя, напісаць яго трэба таксама мець пэўны час у адзіноце. А потым яшчэ і заказным лістом незаўважна адправіць…

Галіна Чыгрынава: Ведаеце, неяк я не думала, што гэта праблема. Але раней нам сапраўды часцей пісалі самі салдаты. Цяпер жа больш бацькі. Таму, калі ёсць жаданне, то знойдзеш магчымасць напісаць. Але колькі ім у Міністэрстве абароны ні кажы пра тое, што тэрба стварыць адпаведныя ўмовы… Я разумею, што кожны ў першую чаргу перажывае за ўласную шкуру: як бы не выйшла інфармацыя за тэрыторыю часці, як бы не даведалася кіраўніцтва. Добра, што вы сказалі пра лісты і тэлефанаванні, гэтую тэму трэба вырашаць. Будзем у тых жа Печах, будзем высвятляць, якія ў салдат для гэтага магчымасці. Але я ведаю, што ў некаторых часцях проста вісіць скрыня, можна выйсці на камандзіра часці, начальніка, арганізуюць адмысловыя бацькоўскія дні, дзе хлопцы могуць пра ўсё распавесці. Але сапраўды, гэтым пытаннем таксама трэба займацца.

Еўрарадыё: Ці чулі вы пра выпадак гібелі салдата ў адной з вайсковых часцей у Печах, які адбыўся 3 кастрычніка? А таксама пра папярэдні сакавіцкі выпадак самагубства там жа?

Галіна Чыгрынава: Я пра гэты выпадак даведалася толькі ўчора. Нам жа ніхто ніякіх звестак не дае. Мы пра гэтыя выпадкі даведваемся толькі, калі самі знойдзем інфармацыю ў тым жа інтэрнэце, або маці звернуцца. Бывае, што з фронту нашага апазіцыйнага тэлефануюць. І тады мы ўжо пачынаем высвятляць і разбірацца. Таму пакуль па гэтым выпадку я нічога не ведаю. Але заўтра плануецца мерапрыемства, прысвечанае дню маці ў Міністэрстве абароны, дзе будуць віншаваць маці загінулых ваеннаслужачых, сябраў нашай арганізацыі, афганскіх маці, гэтае пытанне я там буду абавязкова ўздымаць. І сёння мой першы званок на працы будзе ў Міністэрства абароны з патрабаваннем патлумачыць, што там адбылося. Ну, а ў панядзелак, хутчэй за ўсё, паедзем ужо непасрэдна ў воінскую часць. Але дакладна трэба васвятляць прычыну смерці, і мы будзем гэтым займацца. Кожны загінулы салдат усё роўна што сын, бо мы ўсе ў камітэце таксама перажылі гэтае гора.

І пра папярэдні выпадак мы таксама ведаем. А калі ўжо шчыра казаць, то Печы для нас гэта такі галаўны боль, менавіта гэтае месца службы выклікае вельмі вялікую трывогу. У нашым камітэце ёсць бацька, у якога ў Печах таксама загінуў сын. Нам адтуль прыходзілі трывожныя лісты, таму мы шмат разоў туды ездзілі… Але па гэтым здарэнні пакуль яшчэ ідзе следства. Калі ідзе следства, нам не дазваляюць умешвацца. Але наведаць частку, паглядзець, паразмаўляць пра ўмовы службы мы можам. А вось калі следства скончанае, рашэнне прынятае і там нешта не так, то мы ўжо пачынаем трубіць ува ўсе трубы, ўмешвацца 

Еўрарадыё: Былі выпадкі, калі ўдавалася прымусіць правесці следства паўторна ці працягнуць яго і змяніць вынік?

Галіна Чыгрынава: Ва Уруччы быў выпадак, калі праз зварот да нас салдата быў расфармаваны ўвесь камандны склад часці. Але зноў жа, усё вельмі залежыць ад саміх хлопцаў. Калі яны моцныя, валявыя, дружна даюць паказанні, то справа хутка пойдзе. А калі хаваюцца і маўчаць, то ўжо складана будзе ім дапамагчы і нешта змяніць. Але гэта таксама можна зразумець, бо ім служыць, яны баяцца.

Еўрарадыё: Як шмат такіх выпадкаў, калі вы дапамаглі у гэтым годзе?

Галіна Чыгрынава: Пра гэты год я вам не скажу пакуль. А па мінулым больш за два дзясяткі. Гэта была рэакцыя і на пісьмовыя звароты і прыязджалі маці да нас па дапамогу… Ну, і вынікі былі розныя. Шмат каго камісуюць, бо прызываюць хворых хлопцаў. Мы дапамагаем размеркаваць салдата ў шпіталь, і там прызнаюць, што яго стан здароўя не адпавядае. Розныя бываюць выпадкі. Бо дзедаўшчына пачынаецца менавіта з гэтага. Маўляў, вось ты косіш, нічога не робіш, а я за цябе ўсё раблю! Тут аплявуха, нехта далучыўся, нос зламалі…

Калі камітэт толькі пачынаў працаваць, да нас прыходзілі тысячы трывожных лістоў. Цяпер некалькі соцень на год. Але яны ўсё роўна ідуць, і мы рэагуем на іх усе. Без увагі не застаецца ніводны ні пісьмовы ні вусны зварот да нас, будзьце ў гэтым перакананыя. 

Еўрарадыё: Можа, вы маеце статыстыку смерцяў у войску?

Галіна Чыгрынава: Не, нам яе ніхто не дае. А тыя выпадкі, пра якія мы ведаем, не могуць быць статыстычнымі дадзенымі.

Нагадаем, 3 кастрычніка паведамілі пра другі выпадак самагубства ў ваенным гарадку Печы. 21-гадовага пінчука Аляксандра Коржыча, салдата тэрміновай службы, знайшлі ў пятлі. Колькі салдат правісеў мёртвы ў падвале медсанчасці, стане ясна толькі праз два тыдні, калі скончыцца экспертыза: на званкі сяброў і блізкіх Саша перастаў адказваць яшчэ 26 верасня. Афіцыйна, асноўная версія гібелі салдата — суіцыд, але ні сваякі, ні сябры Аляксандра ў яе не вераць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі