Кампанія Wargaming не збіраецца пакідаць Беларусь
Кампанія Wargaming не збіраецца пакідаць Беларусь з-за цяперашняга палітычнага крызісу. Пра гэта заснавальнік і гендырэктар кампаніі Віктар Кіслы распавёў у інтэрв'ю расійскаму выданню "Канобу". Гутарка была прысвечаная дзесяцігадоваму юбілею World of Tanks.
Адказваючы на пытанне журналіста, Кіслы паведаміў: "Мы ў палітыцы ніяк не ўдзельнічаем як кампанія, мы робім гульні. Прыватныя грамадзяне любых краін могуць выказваць сваё меркаванне. Ацэньваць палітыку — не наша справа".
Вядома, што многія беларускія IT-кампаніі разглядаюць варыянт пераезду з Беларусі ў сувязі з паводзінамі ўлады. Па словах Кіслага, для Wargaming гэтае пытанне не актуальнае. Хаця ёсць група распрацоўшчыкаў, якія могуць захацець пераехаць. "Яны могуць падысці да мяне і пагаварыць. Калі яны адчуваюць, што ім будзе камфортней ў іншым месцы, то мы як кампанія усім ім дапаможам", — тлумачыць гендырэктар.
Згадаў ён і сітуацыю з адключэннем інтэрнэту ў Беларусі на некалькі дзён пасля прэзідэнцкіх выбараў. І хаця інтэрнэт неабходны кампаніі для працы, нават яго адсутнасць не ўплывае на рашэнне застацца ў Беларусі.
"Інтэрнэт адключалі на пару дзён, дый цяпер — то пагасне, то запрацуе. Мы не можам працаваць, калі няма інтэрнэту. Але ў нас ёсць 17 офісаў па ўсім свеце. І калі трэба будзе некаторае пераразмеркаванне магутнасцяў, то мы зробім гэта. Але мы і раней гэта рабілі, без усялякіх катаклізмаў. Зараз, вядома, сітуацыя больш напружаная", — дадае Віктар Кіслы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.