Камунальнікі папярэдзілі, што могуць адключыць паслугі пасля 2 месяцаў нявыплаты
Колькасць неплацельшчыкаў павялічваецца ў асенне-зімовы перыяд, калі ўключаюць ацяпленне
Застацца без святла і іншых жыллёва-камунальных паслуг можна ўжо пасля двух месяцаў нявыплаты. Пра гэта піша БЕЛТА са спасылкай на намесніка гендырэктара аб'яднання "Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка" Андрэя Новіка.
Пводле Новіка, колькасць неплацельшчыкаў павялічваецца ў асенне-зімовы перыяд, калі ўключаюць ацяпленне і сума плацяжоў у жыроўцы робіцца больш. У гэтым выпадку і пачынае працаваць правіла двух месяцаў. "Адключэнне магчымае пасля двух месяцаў разліковых перыядаў. Вусныя нагадванні і аўтадазвоны пачынаюцца з 26 дня штомесяц, бо многія проста забываюць аплаціць паслугі своечасова. Потым ужо пачынаюцца пісьмовыя паведамленні", — расказаў прадстаўнік аб'яднання. Калі гаспадар кватэры і на гэта не рэагуе, камунальныя паслугі адключаюцца "аж да высялення".
За нявыплату могуць адключыць і электрычнасць. "Рашэнне аб адключэнні тэхнічнага абслугоўвання электрашчытка прымаюць нашы эксплуатавальныя арганізацыі сумесна з арганізацыямі, якія робяць улік і разлік налічэнняў", — сказаў Новік. Рашэнне прымаецца паводле вынікаў рэйдаў па такіх кватэрах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.