Канапацкай вынеслі папярэджанне за згадку, як сапернік з БРСМ біўся з Дашкевічам

Канапацкай вынеслі папярэджанне за згадку, як сапернік з БРСМ біўся з Дашкевічам

Прэтэндэнтцы на кандыдацкую пасаду Ганне Канапацкай на пасяджэнні акруговай выбарчай камісіі Кастрычніцкай акругі №97 вынеслі папярэджанне на парушэнне выбарчага заканадаўства. За папярэджанне прагаласавалі восем чальцоў акругкама, супраць — два. 

Пра гэта ў сваім Telegram-канале паведаміла сама Канапацкая. 

Выявілася што скаргу на яе напісаў канкурэнт ад БРСМ па гэтай жа акрузе Сяргей Клішэвіч. Чалец ініцыятыўнай групы Канапацкай на пікеце па зборы подпісаў распавёў, як у 2016 годзе бээрэсэмавец пабіўся з апазіцыянерам Змітром Дашкевічам. Гэта адбылося падчас адкрыцця помніка Леніна каля прахадной МІЗ.

"Выбарчая камісія палічыла гэты факт парушэннем выбарчага заканадаўства, прыраўнаваўшы да вядзення перадвыбарнай агітацыі", — піша Канапацкая.

Палітык нагадвае, што згодна з артыкулам 155 Выбарчага кодэкса перадвыбарчая агітацыя — гэта дзейнасць, якая заахвочвае выбарцаў прыняць удзел у выбарах, прагаласаваць за тых ці іншых кандыдатаў ці супраць іх.

"Як вы думаеце, праўда пра чалавека, які яшчэ толькі хоча стаць кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, з'яўляецца заахвочвальным дзеяннем да ўдзелу выбаршчыкаў у выбарах? Або выбаршчыкі павінны ведаць усю праўду пра чалавека, які нават не кандыдат, каб прыняць рашэнне ставіць за яго свой подпіс ці не?" — задаецца пытаннем Канапацкая. 

Нагадаем, што ў 2016 годзе Зміцер Дашкевіч сарваў адкрыццё помніка Леніна каля Мінскага трактарнага завода. Функцыянер БРСМ Сяргей Клішэвіч быў адным з першых, хто кінуўся біць апазіцыянера. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі