Канстытуцыйны акт Саюзнай дзяржавы можа быць прыняты ўжо сёлета?

Канстытуцыйны акт Саюзнай дзяржавы можа быць прыняты да канца 2008 года. Такое меркаванне ў інтэрв’ю Еўрарадыё выказаў старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Мікалай Чаргінец.

Ён адзначыў, што акт амаль цалкам падрыхтаваны. Да таго ж, на думку сенатара, апошнім часам у беларуска-расійскіх адносінах склаліся спрыяльныя ўмовы для яго падпісання.

Мікалай Чаргінец: “Мяркую, што пасля выбараў прэзідэнта Расіі, надыдзе момант, калі патрэбна будзе паставіць кропку над “і”. У прынцыпе, самі выбары не паўплываюць на беларуска-расійскія адносіны. Яны павінны падвесці да той мяжы, за якой ідзе канчатковае рашэнне па прыняцці Канстытуцыйнага акту”.

Прыняцце акту стрымлівае адсутнасць адзінага погляду на кіраўніцтва Саюзнай дзяржавай. Прапаноўваецца тры варыянты: дзяржсавет, прэзідэнты дзвюх краін кіруюць Саюзнай дзяржавай па чарзе і ўсеагульныя выбары адзінага прэзідэнта. Па словах Чаргінца, акрамя гэтага застаецца яшчэ шэраг нявырашаных праблемаў.

Мікалай Чаргінец: “Там ёсць і іншыя праблемы. Да прыкладу, пытанне па адзінай валюце, эмісійны банк. Якім ён павінен быць? Чый ён: расійскі ці беларускі?”

На думку сенатара, усе гэтыя пытанні павінны вырашыць непасрэдна прэзідэнты дзвюх краін.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі