Караеў: жонцы міліцыянта з Гродна пагражаюць, я гэтага так не пакіну

Міністр унутраных спраў Юрый Караеў / mvd.gov.by
Міністр унутраных спраў Юрый Караеў / mvd.gov.by

Жонцы міліцыянера, на якога нібыта напалі падчас пікету Святланы Ціханоўскай ў Гродна, паступаюць пагрозы. Пра гэта ў эфіры тэлеканала "АНТ" распавёў міністр унутраных спраў Юрый Караеў. З самім міліцыянерам усё ў парадку.

"Ды ужо нармальна ён сябе адчувае — ніхто ж не казаў, што ў яго прама асабліва моцныя цяжкія цялесныя пашкоджанні! Ён у страі. Іншая справа, што жонцы пайшлі пагрозы, што яна жонка міліцыянта гэтага. Але мы іх, натуральна, усталюем — хто адважыўся пагражаць жонцы міліцыянера, які выконваў сваю працу. Начальніку УУС Гродна, які да гэтага за тыдзень з інфарктам трапіў у бальніцу, паступалі пагрозы нейкія — няўжо я гэта так пакіну ў спакоі? Ды ніколі!"

Па словах Караева, падчас цяперашняй перадвыбарчай кампаніі міліцыя адсочвае "хто як сябе паводзіць":

"Мы стараемся вочы не мазоліць і не ціснуць на людзей прысутнасцю ў форме, але негалосна, галосна мы дзесьці побач і кантралюем сітуацыю".

29 траўня ў Гродна падчас збору подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Святланы Ціханоўскай быў затрыманы кіраўнік яе ініцыятыўнай групы, блогер Сяргей Ціханоўскі. На пікеце ўзніклі дзве жанчыны, адна з якіх паскардзілася міліцыянтам, якія таксама з'явіліся з неадкуль, што Ціханоўскі не адказвае на яе пытанні. Праваахоўнікі пачалі затрымліваць блогера, людзі — яго абараняць. Адзін з міліцыянтаў апынуўся на асфальце. Гэты факт стаў прычынай ўзбуджэння крымінальнай справы ў дачыненні да неназванай асобы, якая "прымяніла гвалт да супрацоўнікаў міліцыі, якія дастаўлялі затрыманых у службовы транспарт" (арт. 364) Разам з Ціханоўскім было затрымана яшчэ некалькі чалавек.

9 чэрвеня стала вядома, што Сяргея Ціханоўскага і яшчэ 7 затрыманых абвінавачваюць у "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак" (ч. 1 арт. 342 КК) — артыкул, па якім былі асуджаныя ўдзельнікі акцыі на плошчы Незалежнасці вечарам пасля выбараў 19 снежня 2010 года. Па гэтым жа артыкуле ў 2006 годзе асудзілі кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна.

Цяпер Ціханоўскі знаходзіцца ў карцары СІЗА-1 Мінска. Чаму — невядома. Яму пагражае да 6 гадоў турмы. Блогера а таксама затрыманых па "справе Ціханоўскага" праваабаронцы Беларусі прызналі палітвязнямі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі