Карпянкоў прапанаваў падзяліцца з Расіяй "досведам спынення беспарадкаў"
Унутраныя войскі МУС Беларусі гатовыя падзяліцца з Расгвардыяй сваім "досведам стрымання масавых беспарадкаў". Пра гэта заявіў намеснік міністра ўнутраных спраў — камандуючы ўнутранымі войскамі МУС Беларусі генерал-маёр Мікалай Карпянкоў. Сёння ён прымаў з працоўным візітам расійскую дэлегацыю на чале са статс-сакратаром — намеснікам дырэктара Расгвардыі генерал-палкоўнікам Алегам Плахім.
Таксама Карпянкоў выказаў зацікаўленасць у перайманні расійскага досведу барацьбы з міжнародным тэрарызмам.
"У сваю чаргу мы таксама заўсёды адкрытыя і гатовыя падзяліцца досведам, у тым ліку па спыненні масавых беспарадкаў", — перадае ТАСС ягоныя словы.
Падчас масавых акцыяў 2020 года Карпянкоў на чале супрацоўнікаў ГУБАЗіКа які ён тады ўзначальваў, асабіста займаўся разгонам дэманстрантаў. Найбольш вядомае яго дзеянне — разбітая вітрына кавярні на Нямізе ў Мінску, куды забеглі пратэстоўцы.
Падчас візіту быў падпісаны план двухбаковага супрацоўніцтва на 2022 год. У ім запланаваныя сумесныя заняткі па агнявой і тактыка-спецыяльнай падрыхтоўцы з супрацоўнікамі САХР "Рысь" (МУС РФ), наведванне вайсковых часцей, узаемны ўдзел у практычных семінарах, чэмпіянатах па мнагабор'і кінолагаў, спаборніцтвах і вучэннях ды інш.
Дарэчы, у чэрвені ў Беларусь чакаецца візіт кіраўніка Федэральнай службы войскаў нацыянальнай гвардыі РФ (Расгвардыі) генерала Віктара Золатава.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.