Каталіцкая царква лічыць сітуацыю ў Катоўцы новым пераследам касцёла

Каталіцкая царква лічыць сітуацыю ў Катоўцы новым пераследам касцёла

Сітуацыю ў мінскім скверы Катоўка Рымска-каталіцкі касцёл лічыць пераследам касцёла з боку прадстаўнікоў экалагічных арганізацый. З такой заявай перад журналістамі 22 снежня выступіў мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Нагадаем, што ў скверы была вылучаная пляцоўка пад будаўніцтва касцёла. Аднак супраць яго пабудовы выступілі экаактывісты і мясцовыя жыхары. Яны пратэставалі супраць высечкі дрэваў у Катоўцы. 21 снежня старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац паведаміў, што працы па пабудове касцёла ў Катоўцы прыпыненыя. Для яго пабудовы будуць шукаць іншую пляцоўку. Ён заклікаў экаактывістаў заняцца добраўпарадкаваннем сквера, які яны абаранялі.

Каментуючы падзеі ў Катоўцы, Кандрусевіч заявіў, што гэта смутная гісторыя. "З тых каментароў, якія я чытаў, людзі кажуць, маўляў, перанясіце касцёл у іншае месца, пабудуйце яго на пустцы, вынесіце за МКАД. Але не ўсё так проста. У нас ёсць парафіі, і ў кожнай парафіі павінен быць свой храм. Акрамя таго, трэба разумець, што не мы выбралі месца будаўніцтва. мы звярнуліся да ўладаў з просьбай выдзеліць якое-небудзь месца", — цытуе БелаПАН словы каталіцкага іерарха.

Ён паведаміў, што падрыхтоўка да будаўніцтва касцёла заняла каля пяці гадоў, былі вылучаныя значныя фінансы. І хаця гарадскія ўлады перадалі каталіцкаму касцёлу каля 14% сквера, сам храм заняў бы толькі каля 1,5%. Пры гэтым замест запланаваных для высечкі 50 дрэваў меркавалася высадзіць больш.

Арцыбіскуп Кандрусевіч паведаміў, што хоча трапіць на прыём да старшыні Мінгарвыканкама, каб абмеркаваць пытанне з Катоўкай. Ён дадаў, што прадстаўнікі касцёла прапаноўвалі экаактывістам пайсці на кампраміс, але тыя настойваюць толькі на пераносе храма ў іншае месца.

"Мы лічым, што гэта пераслед касцёла з боку "зялёных". Мы за экалогію, але ніякай экалогіі не будзе, калі няма экалогіі ў душы", — канстатаваў Кандрусевіч.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі