Католікі і пратэстанты святкуюць Нараджэнне Хрыстова
Сёння католікі і пратэстанты святкуюць Нараджэнне Хрыстова — адно з найбольшых хрысціянскіх святаў.
Як апавядаецца ў Евангеллях, Ісус Хрыстос нарадзіўся ў горадзе Віфлееме — у пячоры, якая выкарыстоўвалася ў якасці хлява для жывёлы. Вестку пра нараджэнне Хрыста анёл прынёс пастухам, якія вартавалі статак, і яны прыйшлі пакланіцца Дзіцятку. У небе ў гэтую ноч загарэлася Віфлеемская зорка, якая прывяла вешчуноў да Марыі і Іосіфа. Яны прынеслі ў дарунак Хрысту золата, ладан і смірну.
Традыцыйна гэтая сцэна паказваецца ў каляднай батлейцы каля ялінкі: фігуркі Панны Марыі і святога Іосіфа каля Ісуса, які ляжыць у яслях, а навокал — фігуркі жывёлаў.
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звярнуўся з віншаваннем да ўсіх, хто святкуе Раство або яшчэ толькі рыхтуецца да гэтага свята.