Кавалеўскі: інфармацыя пра скам Зарэцкай не адпавядае рэчаіснасці
Перад тым, як прызначыць Зарэцкую, яе правяралі — і яна прайшла ўсе праверкі, заявіў пра гэта ў эфіры "Белсату" намеснік кіраўніцы Пераходнага кабінета Валерый Кавалеўскі.
— Мы уже казалі на гэтае пытанне, што самі медыя яшчэ не разабраліся, ці сапраўдная гэта інфармацыя, ці не. Але мы разабраліся, гэта інфармацыя фейкавая [пра скам - рэд], яна не мае падстаў і гэта тая інфармацыя, якая створана спецыяльна, каб ачарніць і дыскрэдытаваць аднаго з чальцоў кабінета. Я думаю, што будуць адпаведныя крокі, каб разабрацца да канца з гэтай сітуацыяй, каму трэба было рабіць такую атаку. Таццяна Зарэцкая прыняла тое рашэнне, якое прыняла і мы можам толькі падтрымаць яе ў гэтым, — распавёў Кавалеўскі.
Бізнесвумен Таццяна Зарэцкая стала прадстаўніцай Аб'яднанага пераходнага кабінета па фінансах і эканоміцы ў пачатку верасня. Яна збіралася прадстаўляць Кабінет і дэмакратычную Беларусь на міжнароднай фінансавай арэне, весці перамовы з партнёрамі. Аднак нешта пайшло не так. Сёння яна заявіла, што сыходзіць з пасады прадстаўніка па эканоміцы і фінансах Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі. Яна тлумачыць гэта "вялізным ціскам" на яе, сваякоў і сяброў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.