Кавалеўскі расказаў, чым будзе займацца пасля сыходу ад Ціханоўскай

Валерый Кавалеўскі

Валерый Кавалеўскі

Беларускі дыпламат Валерый Кавалеўскі цяпер працуе над стварэннем новай ініцыятывы, якая будзе займацца праблемамі замежнай палітыкі. Яна будзе называцца “Агенцыя еўраатлантычнага супрацоўніцтва”. Пра гэта палітык расказаў у эфіры Еўрарадыё

Паводле Кавалеўскага, ініцыятыва будзе працягваць справу, якую ён рабіў да адыходу з пасады прадстаўніка па замежных справах Аб’яднанага пераходнага кабінета. А вось што ён расказаў пра прычыны свайго адыходу:

—  Тое, якія ўмовы склаліся ў беларускіх дэмакрытычных структурах, не зусім мне падыходзіць. Я прытрымліваюся іншых падыходаў і стандартаў. 

У мяне былі спробы штосьці памяняць, але яны не былі падтрыманыя, таму я прыняў рашэнне пачаць сваю справу. Але тое, што робяць Офіс Святланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінет, працуе, і мы ўсе гэта прызнаём.

Кавалеўскі кажа, што не шукаў новага месца працы да адыходу з АПК. То-бок не меў “плана Б”.

— Для меня было важна, што я атрымаў вельмі каштоўны водгук. За гэты час было створанае цэлае вымярэнне адносінаў, кантактаў, праектаў. І таму я лічу, што працу, якую я рабіў, трэба працягваць. Яна мае важнае значэнне для перспектываў дэмакратычнага руху.

Дыпламат дадае, што ён прыходзіў у каманду Святланы Ціханоўскай, каб працаваць менавіта з ёю. Але з часам пазіцыі разышліся.

— Значыць, трэба прызнаць гэтую рэальнасць і рухацца далей. Таксама я б не хацеў быць чалавекам, на якога б глядзелі і казалі: “У яго пасінелі пальцы. Ён не хоча пакідаць сваю пасаду”. Я не такі.

Многія людзі робяць шмат важнай працы па-за межамі Аб’яднанага пераходнага кабінета ці Каардынацыйнай рады, яна вельмі значная. І я не бачу ніякіх праблем у тым, каб памяняць свой статус. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі