КДБ пацвердзіў, што Уцюрын затрыманы — яго абвінавачваюць у атрыманні хабару
КДБ Беларусі пацвердзіў, што намеснік сакратара Савета Бяспекі Андрэй Уцюрын затрыманы. Заадно абвергнутыя ўсе канспіралагічныя тэорыі пра дзяржаўны пераварот, які нібыта рыхтаваў сілавік — апошнімі днямі нас актыўна "кармілі" імі ананімныя расійскія тэлеграм-каналы. Уцюрыну прад’яўленае абвінавачанне па частцы 3 артыкула 430 Крымінальнага кодэкса — “Атрыманне хабару”.
“Напярэдадні ён быў затрыманы з доказамі злачынства пры атрыманні 148 600 даляраў ЗША ад прадстаўніка расійскай камерцыйнай структуры "Г" за садзейнічанне ў прасоўванні яе інтарэсаў у Рэспубліцы Беларусь. Апошняму прад'яўлена абвінавачанне ў дачы хабару.
Абодва абвінавачаныя прызналі віну па дадзеным эпізодзе ў поўным аб'ёме. Да іх прымененая мера ўстрымання ў выглядзе заключэння пад варту”, — удакладняюць у КДБ.
Палкоўнік Андрэй Уцюрын — адзін з самых непублічных беларускіх сілавікоў. Ён сем гадоў узначальваў Службу бяспекі Аляксандра Лукашэнкі, а ў 2014 годзе пайшоў на павышэнне — перайшоў працаваць у Савет бяспекі.
Указ аб выхваленні Уцюрына ад пасады намесніка дзяржсакратара Савета бяспекі Рэспублікі Беларусь "за правіны, што дыскрэдытуюць званне ваеннаслужачага" Аляксандр Лукашэнка падпісаў 24 красавіка. Але праверыць інфармацыю пра затрыманне сілавіка атрымалася толькі праз пяць дзён.