Кедаў з “Калюмнамі” больш не будзе: лідскай фабрыцы нявыгадна іх рабіць
Лідскай абутковай фабрыцы нявыгадна выконваць замову мінскай крамы LSTR на дызайнерскія кеды з гербам “Калюмны”.
“[LSTR замаўляе] вельмі дробныя партыі, яны патрабуюць свайго тэрміну. Ніхто не хоча вырабляць у такой колькасці скуру. LSTR жа не хоча браць увесь, так бы мовіць, вялікі аб’ём. І яны адразу ведалі пра гэта, што так і будзе”, — распавядае Еўрарадыё дырэктар “Лідскай абутковай фабрыкі” Уладзімір Чыжык.
Чыжык сам лідчанін, але кедаў вытворчасці сваёй фабрыкі ніколі не насіў. “А навошта? — перапытвае Еўрарадыё дырэктар.
— Я марыў пра “Адыдасы”, “Томісы” і гэтак далей”.
Тым часам брэнд LSTR выбачаецца перад пакупнікамі, якія замовілі, але не атрымалі дызайнерскія кеды з гербам “Калюмны”. Партыю, якую 31 ліпеня прывезлі з Ліды ў Мінск, раскупілі за некалькі гадзін.
Па прыгожыя кеды прыйшлі не толькі тыя, хто іх замовіў, але і іншыя пакупнікі. У краме сабралася вялікая чарга. Да таго ж, былі ахвочыя ўзяць некалькі пар абутку. У выніку прыкладна 160 пар кедаў расхапалі як гарачыя піражкі.
“Па-першае, просім прабачэння ва ўсіх, хто ўчора і сёння прыехаў да нас дарма. Нам крыўдна і балюча. Нам сапраўды вельмі шкада і гэта не проста словы, бо адзін з галоўных лстр-аўскіх прынцыпаў — гэта добры настрой кожнага пакупніка”, — піша LSTR у сваім Instagram-акаўнце.
Па словах прадстаўнікоў брэнда, “Лідская абутковая фабрыка” дагэтуль не выканала замову, размешчаную ў траўні, хаця павінна была зрабіць гэта цягам трох тыдняў. LSTR замаўлялі 600 пар дызайнерскіх кедаў.
“Мы чакаем ужо больш за два месяцы; кіраўніцтва не выходзіць з намі на сувязь; толькі нейкімі неймавернымі высілкамі нам удалося дабіцца адгрузкі невялікай часткі замовы, — працягвае выбачацца LSTR. — Што будзе далей і ці будзе нешта ўвогуле — вялікае пытанне. Фабрыка працягвае ігнараваць нашы тэлефанаванні”.
Пасля таго як на фабрыку датэлефанаваліся Еўрарадыё і “Наша Ніва”, яна больш не будзе супрацоўнічаць з LSTR, кажа Уладзімір Чыжык. LSTR паведамілі Еўрарадыё, што таксама плануюць спыніць супрацоўніцтва з Лідскай абутковай фабрыкай.