"Хацеў, каб Беларусь была сумленная краіна". Дзеці палітвязняў пра бацькоў

Дзеці расказалі, як уяўляюць сабе сустрэчу з бацькамі , калі тыя выйдуць на волю / ілюстрацыя, pixabay.com
Дзеці расказалі, як уяўляюць сабе сустрэчу з бацькамі , калі тыя выйдуць на волю / ілюстрацыя, pixabay.com

Якімі памятаюць дзеці сваіх тату ці маму, чаго жадаюць для іх сёння? Politzek.me запісаў адказы як ёсць, не рэдагуючы, бо гэта і ёсць самае каштоўнае — шчырасць маленькіх сэрцаў.

Насця, 6 гадоў. 

Мама — Антаніна Канавалава, пазбаўленая волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму на 5 гадоў і 6 месяцаў. Бацька — Сяргей Ярашэвіч, пазбаўлены волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму на 6 гадоў і тры месяцы.

У мамы цёмныя валасы, як у Вані. І сінія вочы. На мой дзень нараджэння мама падарыла мне касметыку.

Калі мама вернецца, я падрыхтую сюрпрыз і намалюю кветачкі. Я абдыму маму, а потым заплюшчу ёй вочы рукамі, прывяду і скажу: "Сюрпрыз!”

Я сумую па Беларусі. Яна рознакаляровая.

А больш я нічога не памятаю. (Насці было чатыры гады, калі маму пасадзілі).

Жадаю маме здароўя, каб яна не хварэла, усміхалася, а ўсіх дрэнных людзей пасадзілі ў турму.

Тату памятаю. У яго валасы цёмныя і стрыжка, як у Вані. А яшчэ ён вельмі мілы. Не памятаю, як з ім гуляла. Хачу, каб тата і мама не сумавалі без нас. Каб яны былі цэлыя. Каб тата хутчэй вярнуўся разам з мамай.

"Хотел, чтобы Беларусь была честная страна". Дети политзаключенных о родителях

Ваня, 8 гадоў.

Мама — Антаніна Канавалава, затрыманая ў верасні 2020 года, асуджаная да пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму на 5 гадоў і 6 месяцаў.

Бацька — Сяргей Ярашэвіч, пазбаўлены волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму на 6 гадоў і тры месяцы.

‍Я памятаю маму мілай, добрай і клапатлівай. Мама неяк знайшла каля нашай рэчкі сабачак і ўзяла іх. Іх нехта скінуў з моста. А мама, пачуўшы выццё, знайшла іх і прынесла дадому. Потым іх раздалі. Бо ў нас ужо быў сабака Кэндзі. Я на ім катаўся, калі мне было пяць гадоў, а мама трымала Кэндзі, бо ён брыкаўся.

Я з мамай не размаўляў ужо тры месяцы. Я па ёй сумую. Калі маму ўбачу, я яе абдыму. А яшчэ падрыхтую сюрпрыз, але які — не скажу, гэта ж сюрпрыз.

Я жадаю маме, каб яна яшчэ трошачкі вытрывала, і мы яе адтуль абавязкова забярэм.

А тата заўсёды мне дапамагаў. Гуляў са мной у футбол. У нашым двары ў вёсцы. А яшчэ памятаю, як катаў нас на машыне. Хачу, каб ён не хварэў і хутчэй выйшаў.

"Хотел, чтобы Беларусь была честная страна". Дети политзаключенных о родителях
Дзеці палітвязняў апынуліся пакараныя таксама — расстаннем з бацькамі / ілюстрацыя, pixabay.com

Ян, 9 гадоў

‍Тата — Сяргей Лісоўскі, затрыманы ў жніўні 2021 года. Унесены ў спіс "тэрарыстаў". Знаходзіцца ў СІЗА КДБ.‍

Тата моцны, у яго заўсёды на твары ўсмешка, але мала валасоў, калі сказаць шчыра.

Ён вельмі вясёлы, добры, працавіты. Мы з ім часта па вечарах клаліся ў ложак, гулялі, расказвалі адзін аднаму небыліцы, смяшылі адзін аднаго. А потым прыходзіла бабуля, яна злавалася, што мы яшчэ не спім.

Адзін раз, калі мы былі ў Турцыі, я пачаў падаць з пірса ў мора, заблытаўся ў канатах, крычаў маме: "Мама, памажы!", а прыбег тата, схапіў мяне і выцягнуў. Тата мой абаронца заўсёды.

А яшчэ мы неяк купаліся ў моры з татам, хоць былі вывешаныя чырвоныя сцягі. А хвалі былі два метры вышынёй. Нам было так весела!

Яшчэ памятаю, як мы з татам каталіся ўздоўж мінскай рэчкі на роварах. Дарэчы, тата ў мяне паверыў, калі я сказаў, што змагу паехаць на двухколавым ровары сам, без падтрымкі.

Без таты мне сумна. Без яго менш маральнай падтрымкі. Але я хачу быць на яго падобным. Такім жа вясёлым, такім жа моцным і працавітым, толькі каб валасоў паболей было.

Я жадаю тату найхутчэйшага "адпушчэння" з турмы. Застацца такім жа вясёлым, моцным, такім як раней, толькі нават лепей. Каб яго турма нічым не сапсавала.

"Хотел, чтобы Беларусь была честная страна". Дети политзаключенных о родителях
Ян узгадвае, як тата вучыў яго катацца на ровары / ілюстрацыя, pixabay.com

Лёша, Саша, Косця. Тата палітвязень. Папрасілі захаваць ананімнасць.
Лёша, 10 гадоў

Тата мой аўтарытэт, ён для мяне герой. Я яго вельмі люблю. Успамінаю, як я хадзіў на стадыён і глядзеў, як ён гуляў з хлопцамі ў футбол, а цяпер, калі я гуляю ў футбол і забіваю галы, мне заўсёды ўспамінаецца тата. Успамінаю, як мы хадзілі прагуляцца. Успамінаю, як тата прыязджаў з працы і падкідваў нас.

Я пішу тату лісты, а ён мне піша. У лістах ён расказвае розныя гісторыі, успамінаючы, напрыклад, як хадзіў на першую Лігу чэмпіёнаў у Беларусі. Часам я задаю яму задачку па шахматах, а часам ён мне.

Я стараюся дапамагаць маме. Гуляю з братамі на вуліцы, наводжу парадак, праціраю пыл, выношу смецце пастаянна. Стараемся, каб у мамы кожны дзень быў добры настрой. Але не заўсёды атрымліваецца, праўда.

Жадаю, каб тата хутчэй прыйшоў да нас. Я ведаю, што ён сумленны, ён быў за Беларусь. Хацеў, каб правіў прэзідэнт, які годны гэтага. А не той, хто ўсё падрабляе. Ён хацеў, каб Беларусь была сумленная краіна.

Саша, 5 гадоў

Памятаю, што тата такі з барадой. Яшчэ памятаю, што ён падушкай збіў лямпачку (гулялі ў бой падушкамі).

Лукашэнка думаў, што тата яго паб'е і пераможа. Ён вырашыў яго пасадзіць у турму, таму што не хацеў, каб тата яго перамог.

Косця, 8 гадоў

У таты, памятаю, твар такі круты, мне падабалася. А ў турме ў яго змяніўся твар, галава стала круглай. І барада стала карацей.

Я сумую па ім, таму што вельмі моцна люблю яго. Памятаю, як тата з мамай у нашым доме рабілі паласу перашкодаў, а мы яе праходзілі.

Тата за час у турме стаў крутым мастаком, ён так крута малюе!

Мне хочацца хутчэй сустрэцца з татам, абняцца. Хутка ў нас будзе спатканне. Тату я б пажадаў шчасця і дабра, каб ён не сумаваў, бо зусім хутка мы з ім сустрэнемся. Я адразу налячу на тату і пацалую.

Я ведаю, што тата быў вельмі сумленны. Быў супраць гэтых двух... дурняў.

 

Як можна дапамагчы дзецям палітвязняў?

Фонд BYSOL абвясціў збор на летні адпачынак для дзяцей палітычных зняволеных. Як пакінуць ахвяраванне — даведвайцеся тут.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі