Хлопец беларускі, якую згвалцілі ў Варшаве, расказаў пра яе стан
Рука Лізаветы
Хлопец 23-гадовай беларускі, якую згвалцілі і спрабавалі задушыць у Варшаве, расказаў "Зеркалу" пра яе стан. "Лекары раяць рыхтавацца да смяротнага зыходу", — кажа Даніла.
Даніла прыехаў у Польшчу з Украіны. З беларускай Лізаветай ён пазнаёміўся ў Варшаве. Яна родам з аграгарадка Путчына Дзяржынскага раёна. У Польшчу прыехала ў канцы 2020-га ці ў пачатку 2021 года. Хлопец кажа, што яе не пераследавалі ў РБ, але "яна проста збегла, каб гэта ўсё не напаткала яе". Да таго ж, планавала "нешта памяняць у сваім жыцці". Яны здымалі пакоі ў адным доме на суседніх паверхах.
"Я ўбачыў яе на вуліцы, яна мне спадабалася вельмі, — расказвае Даніла. — Потым прыйшоў да яе, і мы пазнаёміліся. Мы з Лізай разам ужо больш за тры гады, але не распісаныя... Тут Ліза памяняла некалькі прац, а яшчэ ў яе з'явілася хобі: пачала вязаць балаклавы, яна ў мяне вельмі таленавітая".
Лізавета не мае сваякоў у Польшчы, яна патрымлівала стасункі з бацькам і братам, якія жывуць у Беларусі. "Я фактычна адзіны яе блізкі чалавек тут, — кажа Даніла. — Мяне таму да яе ў бальніцу пускаюць, таму што дактары тэлефанавалі ў паліцыю, і там прасілі трымаць мяне ў курсе".
Здарэнне з беларускай адбылося ўначы ў нядзелю. У суботу яна сустракалася з сяброўкай: спачатку яны пайшлі ў сауну, потым — у караоке. Даніле Лізавета сказала класціся спаць і не перажываць, бо будзе позна. Пасля караоке яна сказала сябрам, што пойдзе дадому пешшу, узяць таксі адмовілася. У выніку прайшла літаральна метраў 200-300, калі адбыўся напад.
Каля 12-й гадзіны ў нядзелю хлопцу, які ўжо шукаў дзяўчыну, патэлефанавалі з паліцыі і запрасілі ў пастарунак. Там паказалі відэа з камеры назірання, на якім яна ідзе па дарозе (па хадзе было відаць, што Лізавета выпіла). Затым на відэа бачна, як да яе ідзе мужчына і на хаду апранае балаклаву, прыстаўляе нож да горла (23-гадовага падазраванага затрымалі). У паліцыі далі адрас бальніцы, у якую шпіталізавалі беларуску.
Лекары казалі, што нейкі час сэрца дзяўчыны не працавала, яе рэанімавалі. Цяпер з-за гэтага праблемы з мозгам — ён нейкі час не атрымліваў кісларод.
"Я бачыў у яе на шыі сляды, што яе душылі, парэз ад нажа, які прыстаўлялі да горла, — расказвае хлопец. — Абадраныя каленка і плячо, на лбе — драпіна, і губу як быццам ўкусілі. Я яшчэ буду пытацца, ці нічога не зламанае. Але косткі зрастуцца. Галоўнае, каб яна прыйшла да прытомнасці".
Але прагнозы лекараў не самыя добрыя — стан дзяўчыны цяжкі. Магчыма, усё вырашыцца ў бліжэйшыя 3-4 дні. "Учора заходзіў неўролаг і сказаў, што сітуацыя пагоршылася: ёсць верагоднасць, што яна альбо памрэ, альбо застанецца ў такім стане назаўжды", — кажа Даніла. У панядзелак ён прасядзеў з Лізаветай амаль увесь дзень. А калі пайшоў дадому, стан дзяўчыны пагоршыўся — у яе паднялася тэмпература. А ў аўторак лекары патэлефанавалі і сказалі, што Лізавеце стала яшчэ горш. Яны казалі пра ацёк мозгу.
У Лізаветы не было медыцынскай страхоўкі. Пакуль што лекары не казалі нічога пра аплату лячэння. Хлопец адкрыў для яе падтрымкі дабрачынны збор.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.