У цэнтры Варшавы згвалтавалі і спрабавалі задушыць 23-гадовую беларуску
Паліцыя ў раёне месца, дзе адбылося здарэнне
У цэнтры Варшавы згвалтавалі і спрабавалі задушыць 23-гадовую беларуску. За яе жыццё змагаюцца лекары. Падазраваны затрыманы, паведамляе mostmedia.io.
Здарэнне адбылося ў нядзелю. Беларуску (спачатку памылкова паведамлялася, што яна ўкраінка) знайшлі на лесвічнай клетцы дома ў беспрытомным стане са слядамі задушвання на целе. Яе рэанімавалі і ў крытычным стане завезлі ў бальніцу. Увечары таго ж дня паліцыя затрымала маладога чалавека, які датычны да нападу. Справа супраць яго распачатая паводле артыкулаў, звязаных са згвалтаваннем і замахам на забойства.
Паведамленні пра здарэнне ў польскіх СМІ часам супярэчлівыя. Па адной з версій, зламыснік напаў на беларуску ззаду і, пагражаючы (магчыма, нажом), зацягнуў у браму дома, дзе згвалтаваў і спрабаваў задушыць. Пасля гэтага ён зрабіў пакупкі ў краме побач, сеў у трамвай і з'ехаў. Мужчыне ад 23 да 30 гадоў. У мінулым ён меў праблемы з наркотыкамі. Цяпер яму пагражае пажыццёвае зняволенне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.