Хто ёсць хто ў канфлікце паміж супрацоўнікамі BYPOL

Да Аляксандра Азарава ў супрацоўнікаў ByPOL з'явіліся прэтензіі / Еўрарадыё
Да Аляксандра Азарава ў супрацоўнікаў ByPOL з'явіліся прэтензіі / Еўрарадыё

У шэрагах аб’яднання былых сілавікоў разгарэўся канфлікт. Аляксандр Азараў кажа, што сацсеткі BYPOL нібыта захапіў звольнены супрацоўнік Мацвей Купрэйчык. У той жа час BYPOL пішуць, што ў калектыва ёсць пытанні да некаторых фінансавых аперацый, якія праводзілі Азараў і яшчэ адзін прадстаўнік фонда Станіслаў Лупаносаў.

Еўрарадыё разбіралася, хто ўсе гэтыя людзі і якое дачыненне яны маюць да ініцыятывы BYPOL і аднайменнага фонда, звязанага з апазіцыйнай дзейнасцю?

BYPOL быў створаны як аб’яднанне сілавікоў Беларусі. Пра яго абвясцілі публічна 20 кастрычніка 2020 года пасля сустрэчы былых сілавікоў са Святланай Ціханоўскай у Варшаве. На той момант гаварылася, што да ініцыятывы далучыліся каля 20 супрацоўнікаў МУС, якія перайшлі на бок народа. На сустрэчы з Ціханоўскай былі:

Андрэй Астаповіч — былы старшы следчы СК, капітан, яго прадставілі як каардынатара новаўтворанага BYPOL; 

Ігар Лобан — былы следчы па асабліва важных справах следчага ўпраўлення СК па Гродзенскай вобласці, маёр; 

Мацвей Купрэйчык — былы старшы оперупаўнаважаны аддзела па наркагандлю і процідзеянню гандлю людзьмі галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінгарвыканкама, старшы лейтэнант; 

Уладзімір Жыгар — былы оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку Мазырскага РУУС, лейтэнант міліцыі.

Гэтыя людзі, можна сказаць, сталі фундатарамі ініцыятывы BYPOL. Яна факусавала ўвагу на дапамозе былым сілавікам, а таксама займалася выкрыццём і апублічваннем злачынстваў дзеючых супрацоўнікаў МУС. Гэта была так бы мовіць валанцёрская дзейнасць, справа гонару для афіцэраў, якія прынялі рашэнне такім чынам працягваць служыць беларускаму народу.

Хто ёсць хто ў канфлікце паміж супрацоўнікамі BYPOL

Фонд BYPOL — асобная гісторыя. Ён быў створаны 26 траўня 2021 дзеля тэхнічнага забяспячэння працы грамадскага аб’яднання. Груба кажучы, дзеля таго, каб ініцыятыве BYPOL было за што жыць. Прэзідэнтам быў прызначаны Аляксандр Азараў. Ён жа стаў спікерам BYPOL і стаў часта з’яўляцца ў публічнай прасторы.

Аляксандр Азараў — прадстаўнік (прынамсі, дагэтуль) аб’яднання былых беларускіх сілавікой BYPOL. У мінулым узначальваў 3-е ўпраўленне ГУБАЗіК па супрацьдзеянні наркагандлю і гандлю людзьмі, падпалкоўнік міліцыі. Пасля сыходу з гэтай працы быў выкладчыкам у Акадэміі МУС. Адтуль звольніўся пасля 9 жніўня 2020 году, як сам казаў, узрушаны гвалтам з боку сілавікоў у адрас пратэстоўцаў. Акрамя працы ў ByPOL Азараў таксама стаў прадстаўніком створанага Ціханоўскай Аб’яднанага пераходнага кабінета “па аднаўленні правапарадку”.

Станіслаў Лупаносаў — меней публічная асоба ў параўнанні з Азаравым. Ён таксама экс-супрацоўнік ГУБАЗіКа, супрацоўнічаў з BYPOL, яшчэ знаходзячыся ў Беларусі на сваёй пасадзе, і рабіў гэта да снежня 2020.

Да гэтых двух, як сцвярджаецца ў заяве супрацоўнікаў BYPOL, ёсць пытанні. Ёсць яшчэ адзін удзельнік канфлікту.

Хто ёсць хто ў канфлікце паміж супрацоўнікамі BYPOL
Станіслаў Лупаносаў / bypol.org

Мацвей Купрэйчык — як мы ўжо згадвалі, адзін з фундатараў BYPOL, не фонда, а менавіта грамадскай ініцыятывы былых сілавікоў. Звольніўся ў жніўні 2020. У Беларусі на яго, як і на астатніх байполаўцаў, заведзеная крымінальная справа, а яго прозвішча ўнесенае ў спіс экстрэмістаў. У лютым 2022 пра Купрэйчыка паказалі сюжэт на СТБ, у якім ён быццам бы размаўляў з калегам з ГУБАЗіКа, які прапаноўваў яму вярнуцца ў Беларусь. Купрэйчык быццам бы пагаджаўся — узамен на выкрэсліванне са “спісу тэрарыстаў”. Пазней на канале BYPOL з’явілася відэа з гэтай жа самай размовай. І з яе зразумела, што адказы былі дадзеныя з сарказмам, а супрацоўнікам ГУБАЗіКа Купрэйчык пагражае крымінальнай адказнасцю.

У канфлікце Азарава, якога абвінавацілі ў фінансавай нядобрасумленнасці, і Купрэйчыка, які нібыта скраў дадзеныя сацсетак BYPOL, сваё слова сказаў таксама і атрад “Атам”. Ён заявіў пра падтрымку Купрэйчыка.

Спецпадраздзяленне “Атам” — вайсковае аб'яднанне добраахвотнікаў з ліку супрацоўнікаў BYPOL і ўдзельнікаў плана “Перамога”. Атрад у складзе палка Каліноўскага ваюе ва Украіне. 

Хто ёсць хто ў канфлікце паміж супрацоўнікамі BYPOL
Мацвей Купрэйчык / bypol.org

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі